У Віцебску на ахвяраванні гараджан разбілі сквер і ўсталявалі памятны знак
Памятны знак з надпісам "Сквер 26 Чэрвеня - у гонар вызвалення горада Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" з'явіўся ў двары, які ўтвараюць чатыры жылыя дамы на вуліцах 26 Чэрвеня, Міра, 26 і Берастэня, 7.
На адкрыцці знака ў двары было шматлюдна. Сабраліся работнікі ЖЭУ-14 на чале з начальнікам Васілём Зяньком, жыхары дамоў разам з энтузіясткай Тамарай Барбашынай. Менавіта дзякуючы ёй і з'явіўся ў Віцебску новы сквер.
Усе гэтыя гады жыхары і камунальнікі падтрымлівалі ў добрым стане сквер, які не меў афіцыйнай назвы. Тут былі разбіты і заасфальтаваны пешаходныя дарожкі, устаноўлена дзіцячае абсталяванне, пясочніца, баскетбольная пляцоўка і тэнісны стол. Зімой заліваецца каток - дзяцей у двары заўсёды шмат. Жыльцы на чале з Тамарай Барбашынай добраўпарадкавалі альпійскую горку, на свае грошы ўсталявалі чару для кветак у выглядзе фантана.
А цяпер сквер з'явіўся афіцыйна, і яго добраўпарадкаванне будзе працягвацца.
- Наш двор мае сваю гісторыю. 26 чэрвеня 1944-га пачалося вызваленне Віцебска з гэтай часткі горада - і вуліцу з часам назвалі 26-га Чэрвеня. Хоць яна маленькая, але гісторыя ў яе вялікая. У нашым двары пасля вайны часцяком збіраліся знакамітыя землякі - партызанскія камандзіры Данііл Райцаў і Мінай Шмыроў, - дзеліцца Тамара Барбашына. - Тут знаходзілася меліяратыўная кантора, яе ўзначальваў Данііл Райцаў. Яны сядзелі на гэтым велізарным камені, палілі і будавалі планы.
Мы, падлеткі да дзесяці гадоў, лазілі па глыбокіх варонках, іх у двары было шмат. Вясной яны напаўняліся вадой так, што бацькі баяліся, каб мы не патанулі. Потым у двары з'явілася станцыя па рамонце "Масквічоў". Камень адсунулі ў бок і закапалі.
Калі ў 2002 годзе ў двары вырашылі пабудаваць дамы, жыхары запярэчылі, сталі выказваць на ўсіх узроўнях просьбу прыпыніць будаўніцтва. Пасля звароту да старшыні гарвыканкама Віктара Нікалайкіна гарсавет вырашыў афіцыйна прысвоіць нашаму скверу назву.
Жыхары сабралі ахвяраванні, каб усталяваць памятны знак з назвай сквера. Тады і ўзгадалі пра знакаміты камень. Фірмы "Вітгран" і "Брыз" аказалі пасільную спонсарскую дапамогу. Словам, усім мірам зрабілі добрую справу. У горадзе не толькі з'явілася яшчэ адна добраўпарадкаваная зялёная зона, але і ўвекавечана гістарычнае месца.
Алена Башун, "Віцьбічы"