У Віцебску на рамонт дарожнага пакрыцця ў дварах у 2009 годзе будзе накіраваны Br1 млрд.
25 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На рамонт дарожнага пакрыцця ў дварах у Віцебску сёлета будзе накіраваны Br1 млрд., паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рамонт дарожнага пакрыцця ўнутрыдварных тэрыторый з'яўляецца надзённай праблемай для абласнога цэнтра. Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, нягледзячы на значны аб'ём работ, якія вядуцца на цэнтральных вуліцах горада, ускраіны не застануцца без увагі гарадскіх службаў. Акрамя двароў у бліжэйшы час будзе заменена дарожнае пакрыццё на сямі вуліцах, якія вядуць да выезду з горада.
Сродкі на капітальны рамонт вуліц і двароў атрыманы за кошт эканоміі бюджэтных сродкаў. Пры гэтым перадразмеркавання сродкаў на цэнтральныя вуліцы за кошт скарачэння выдаткаў на ўскраіны не адбываецца, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Так, запланаваныя выдаткі на завяршэнне рэканструкцыі ўскраіннай вуліцы імя Гагарына склалі Br40 млрд. і будуць выдзелены ў поўным аб'ёме.-0-