У Віцебску на вакзалах з'явяцца мабільныя цеплавізары

Чарговае пасяджэнне абласнога штаба па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса і абароне насельніцтва ад інфекцыі прайшло сёння ў Віцебскім аблвыканкаме.

У пачатку пасяджэння старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў пацікавіўся, ці хапае сродкаў абароны ў горадзе. Учора прайшла сустрэча з кіраўніцтвам усіх аптэк горада, з імі адпрацаваны пытанні, каб не было недахопу масак. Да пашыву прыступіла віцебскае ААТ "Сцяг індустрыялізацыі", падключаць яшчэ два прадпрыемствы. "У кожнай аптэцы павінен быць мінімальны запас масак на тыдзень. Зыходзячы з гэтых лічбаў, павінны вызначыцца - ці гатовыя вытворцы да такіх аб'ёмаў, ці трэба падключаць яшчэ прадпрыемствы. У гэтым напрамку трэба працаваць з запасам", - адзначыў кіраўнік вобласці.

У Віцебск паступілі два мабільныя цеплавізары. Пакуль іх будуць выкарыстоўваць на чыгуначным і аўтавакзале, каб па прыбыцці транспарту выяўляць людзей з тэмпературай. У паліклінікі ў бліжэйшы час паступяць бескантактавыя тэрмометры. Таксама ў медустановах горада арганізуюць 120 ложкаў з магчымасцю падключэння апаратаў ШВЛ.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Каспіровіч паведаміў, што ў Віцебскай вобласці адзначаецца рост вострых рэспіраторных захворванняў (ВРЗ) - на 2% за апошнія суткі. У абласным цэнтры перапрафіляваны пяць устаноў аховы здароўя для хворых. "Усяго ў вобласці ва ўстановах аховы здароўя ёсць амаль 11,2 тыс. ложкаў. Каля 1,8 тыс. прадугледжаны для людзей з ВРЗ", - сказаў Мікалай Каспіровіч. У выпадку неабходнасці ложка-месцы будуць перапрафіляваны.

Кіраўнік вобласці дадаў, што, разумеючы дынаміку развіцця праблемы ў свеце, мы павінны быць гатовыя да любой сітуацыі. "Трэба выбудаваць сістэму ў кожным раёне, калі масава пойдзе распаўсюджванне - якія ўстановы будзем перапрафіляваць", - заключыў Мікалай Шарснёў.

У Віцебску абласны штаб па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса і абароне насельніцтва ад інфекцыі стварылі 31 сакавіка. Ён будзе збірацца кожную раніцу.

БЕЛТА.