У Віцебску пачаў працу першы ў Беларусі рэгіянальны цэнтр STEM-адукацыі для педагогаў
Для таго каб школьнікі мелі доступ да аператыўнай інфармацыі аб інавацыях у сферы высокіх тэхналогій, магчымасць атрымліваць інжынерную адукацыю з выкарыстаннем STEM-падыходу з ранніх гадоў, неабходна падрыхтаваць перш за ўсё настаўнікаў, здольных хутка адаптавацца да новых умоў.
Першачарговая мэта рэгіянальнага цэнтра, адкрытага пры садзейнічанні Парка высокіх тэхналогій, – забяспечыць педагогаў сучаснай тэхнікай і дапамагчы даведацца прадмет глыбей праз прызму дасягненняў беларускай IT-сферы. А тыя ў сваю чаргу змогуць адшукаць і выгадаваць самых адораных і перспектыўных дзяцей.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў пасля азнаямлення з цэнтрам адзначыў, што такое абсталяванне маецца нават не ва ўсіх тэхнічных ВНУ краіны. Стварэнне базы для павышэння кваліфікацыі педагогаў будзе спрыяць таму, што моладзь будзе арыентавацца ў сучасных тэхналогіях.
Як падкрэсліў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч, IT-спецыялісты ведаюць, чаму вучыць, але не маюць педагагічных навыкаў. Настаўнікі ж, наадварот, ведаюць, як падаць свой прадмет найлепшым чынам, але не заўсёды асведамлены аб навінках у камп'ютарнай сферы. Таму важна абменьвацца вопытам і ведамі.
Парк высокіх тэхналогій актыўна супрацоўнічае з рэгіёнамі, і Віцебшчына – на асаблівым рахунку: з 40 тысяч школьнікаў, якія навучаюцца праграмаванню з другога класа, 30% – у нашай вобласці. Таксама факт, што з 27 новых праектаў, якія праводзіць ПВТ, 12 стартавалі ў Віцебскай вобласці, гаворыць пра многае.
– З боку настаўнікаў ёсць попыт на асваенне новых тэхналогій, – лічыць Аляксандр Міхайлавіч. – Таму мы памянялі канцэпцыю і арганізуем новы фармат узаемадзеяння з інстытутамі развіцця адукацыі. Цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі ўжо функцыянуе і навучае педагогаў па трох спецыяльнасцях: падрыхтоўка выхавальнікаў да ўкаранення новай праграмы «Інфарматыка без разеткі» (выкладанне інфарматыкі дзецям 5 – 6 гадоў праз гульні і без прымянення камп'ютараў), навучанне працы на мікракантролерах і праграмы па робататэхніцы.