У Віцебску пачалася ўстаноўка галоўнай навагодняй елкі вобласці
У Віцебску на плошчы Перамогі пачалася ўстаноўка галоўнай навагодняй елкі вобласці. Як паведамілі ў камунальным аддзеле гарадскога ЖКГ, ужо завершаны мантаж першага пояса канструкцыі. Гэтым займаецца прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. Да канца тыдня мяркуецца завяршыць мантаж усёй канструкцыі вышынёй 35 метраў. Затым за справу возьмуцца работнікі прадпрыемства «Віцебскі зяленбуд», якія запоўняць каркас жывымі ёлкамі – на гэтыя мэты спатрэбіцца каля 150 лясных прыгажунь. Асноўным упрыгожаннем галоўнага атрыбута свята стане яркая ілюмінацыя. Паводле інфармацыі «Горсвета», сёлета прадпрыемства, як заўсёды, падрыхтавала новую светлавую праграму, якая дадасць навагодняга настрою гораду. Урачыстае запальванне елкі плануецца 25 снежня.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"