У Віцебску ўзнагародзілі лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі
У намінацыі «Паэзія» адзначаны шумілінскі пісьменнік Віктар Улюценка (творчы псеўданім Антон Параскевін) за зборнік вершаў «Белыя зары», у намінацыі «Літаратура для дзяцей» – Лідзія Піскун з Полацка за кнігу «Дзіўныя гісторыі Шалі і Полі».
Уручаючы лаўрэатам заслужаныя ўзнагароды, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў падкрэсліў, што праца пісьменнікаў і паэтаў вельмі важная для грамадства, бо, акрамя эстэтычнага і філасофскага складніка, адыгрывае вялікую выхаваўчую ролю для ўсіх грамадзян нашай краіны. У асобе лаўрэатаў Вячаслаў Дурноў пажадаў усім пісьменнікам Віцебшчыны ў наступаючым новым годзе натхнення і поспехаў у творчасці, каб працы майстроў слова адпавядалі духу часу.
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснава-Гусачэнка падзякавала аблвыканкаму за тое, што ў нас дзейнічае літаратурная прэмія, якая дае магчымасць падтрымаць таленавітых людзей. Сёння пісьменніцкая арганізацыя аб’ядноўвае на Віцебшчыне 45 чалавек.
Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі была зацверджана аблвыканкамам у 2012 годзе з мэтай прапаганды лепшых твораў, павышэння прэстыжу творчай працы і стымулявання таленавітых пісьменнікаў.
"Віцебскія весці"