У Віцебску ўзнагародзілі найлепшых работнікаў сістэмы адукацыі вобласці

В Витебске наградили лучших работников системы образования области
Якія сучасныя патрабаванні і новыя магчымасці адкрываюцца перад настаўнікамі і школьнікамі Віцебскай вобласці? Пра гэта ішла размова на абласной педагагічнай канферэнцыі, удзел у якой прыняў Мікалай Шарснёў.

Жнівеньская канферэнцыя – гэта старт новаму навучальнаму году. Гэта не толькі падвядзенне вынікаў, але і вызначэнне асноўных задач і напрамкаў, якія трэба будзе вырашаць. Кіраўнік вобласці акрэсліў круг пытанняў, якія павінны стаць прыярытэтнымі ў новым навучальным годзе. Гэта бяспека дзяцей, удасканаленне выхаваўчага працэсу, каб фарміраваць усебакова развітых грамадзян. З кожным годам на Віцебшчыне ўдасканальваецца адукацыйны працэс, пра што сведчаць вынікі тэсціравання, а яны ўражваюць.

Варта нагадаць, што ў мінулым навучальным годзе каля 10 тысяч навучэнцаў 6–9 класаў прынялі ўдзел у абласных алімпіядах па вучэбных прадметах, арганізаваных абласным інстытутам развіцця адукацыі. На высокім арганізацыйным узроўні прайшоў абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а на заключным этапе навучэнцы вобласці атрымалі 124 дыпломы, заняўшы другое месца ў рэспубліцы.

Дарэчы, на стымуляванне адораных навучэнцаў, педагогаў і ўстаноў адукацыі абласны выканаўчы камітэт, Савет дэпутатаў выдзелілі ў 2021 годзе 558 тыс. руб.

Школы будучыні, што зарадзіліся ў нашай вобласці, у якія ўкладваюцца велізарныя сродкі і дзе развітая матэрыяльна-тэхнічная база, павінны працаваць на канчатковы вынік. Упраўленню адукацыі варта падумаць над прыданнем пэўнага статусу такім школам, падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

У цэлым сістэма адукацыі вобласці, якая налічвае 321 устаноў, да новага навучальнага года гатова, адзначыў у дакладзе начальнік упраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база, на яе ўмацаванне запланавана больш за 23 млн руб. з абласнога бюджэту і больш за 25 млн за кошт сродкаў Сусветнага банка. Накіравана яшчэ 1 млн 637 тыс. руб. ад шэфствуючых прадпрыемстваў, апекунскіх саветаў і спонсараў. Шмат увагі надаецца аснашчэнню навучальных кабінетаў і майстэрняў сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання. За кошт сродкаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у школах вобласці з'явіліся 74 навучальныя кабінеты фізікі, 78 хіміі, 30 біялогіі, 397 мультыбордаў, 500 камп'ютараў.

Ва ўмовах скарачэння бюджэтнага фінансавання павялічваецца роля пазабюджэтнай дзейнасці. За сем месяцаў бягучага года яе рост склаў 137% да аналагічнага перыяду мінулага. Усё больш устаноў прафесійнай адукацыі вядуць сур'ёзныя будаўнічыя работы ўласнымі сіламі, без укладання бюджэтных сродкаў, падкрэсліў дакладчык. Такі вопыт ёсць у СШ №15 Барані, №№ 8, 11 Оршы, №16 Полацка, №1 Навалукомля, Расонскай СШ імя П. Машэрава, №4 Чашнік і інш.

Для арганізацыі падвозу вучняў у сельскай мясцовасці набыта 33 аўтобусы.

Дакладчык спыніўся і на праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца. Так, ва ўстановах дашкольнай адукацыі асаблівую актуальнасць ва ўмовах укаранення нарматыўнага метаду планавання набываюць фактычныя расходы, а яны перавышаюць раней запланаваныя ў 17 раёнах вобласці. Прагнозы паказваюць на тое, што дэфіцыт фінансавання па ўстановах дашкольнай адукацыі ў 2022-м складзе больш за 6 млн. руб. Адна з прычын, як адзначыў дакладчык, — памяншэнне колькасці дзяцей. За тры гады нараджальнасць у вобласці знізілася на 2,5 тысячы, выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі стала менш на 3,9% (каля 2 тыс.), ахоп дзяцей у сельскай мясцовасці складае толькі 51,5%. Па гэтых паказчыках наша вобласць замыкае рэгіёны рэспублікі.

У новым навучальным годзе дашкольную адукацыю забяспечаць 504 установы, іх сетка скарацілася на 23. Але аптымізацыя не павінна паўплываць на якасць адукацыі, здароўезберагальнае асяроддзе, стварэнне роўных умоў навучання і выхавання гарадскіх і сельскіх дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, падкрэсліў дакладчык.

У прыярытэце застаецца выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне цэласнай асобы, здольнай адэкватна ўспрымаць рэальныя падзеі і стаяць на варце інтарэсаў дзяржавы, падкрэсліў Дзмітрый Хома. У гэтым ключы сумесна працуюць педагогі, дэпутаты, праваахоўнікі. У Год народнага адзінства як ніколі важна яднанне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Ажыццёўлены комплекс мер па уцягванні моладзі ў сацыяльна значную грамадскую дзейнасць. Пазітыўны вопыт работы ў гэтым напрамку назапашаны ў Полацкім, Аршанскім рэгіёнах, у вышэйшых навучальных установах.

У новым навучальным годзе плануецца рэалізаваць пілотны праект па арганізацыі экскурсій для навучэнцаў 10–11 класаў. Ён нацэлены на уцягванне навучэнцаў у турысцка-краязнаўчую і экскурсійную дзейнасць, накіраваную на атрыманне і сістэматызацыю ведаў аб славутасцях Беларусі, фарміраванне павагі да культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа.

Завяршылася канферэнцыя ўручэннем Ганаровых грамат і падзяк лепшым работнікам сістэмы адукацыі.

 

"Віцебскія весці".