У Віцебску ўзнагародзілі ўладальнікаў абласной літаратурнай прэміі за 2013 год
У Віцебску адбылася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лаўрэатам абласной прэміі ў намінацыі "Проза" (у тым ліку публіцыстыка і драматургія) з сямі прэтэндэнтаў стаў Алег Валадзькоў за кнігу "Сын зямлі і неба".
У намінацыі "Паэзія" на ўзнагароду прэтэндавалі творы чатырох аўтараў. Найбольш годным з іх была прызнана кніга "Сцежка, сцежачка, сцяжынка" Вольгі Русілка.
У намінацыі "Літаратура для дзяцей" сярод двух намінантаў прызнанне членаў журы атрымаў Аляксандр Жыгуноў за кнігу "Баравічок на скутары".
Урачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў II Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама па выніках 2013 года адбылася сёння ў гарадской бібліятэцы імя М.Горкага.
"Гэтая літаратурная прэмія заклікана падтрымаць пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны, адзначыць іх уклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры", - падкрэсліў начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. Ён таксама адзначыў, што галоўнымі крытэрыямі выбару пераможцаў з'яўляліся актуальнасць твораў, значнасць для беларускай літаратуры і культуры, а таксама рэгіянальная значнасць.
Вольга Багачова