У Віцебску ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурсу СМІ
Перад цырымоніяй старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў завастрыў увагу на тым, што сучаснае грамадства немагчыма ўявіць без камунікацый, якія фарміруюць інфармацыйную прастору.
– Сродкі масавай інфармацыі ўдзельнічаюць у стварэнні сацыяльнага настрою людзей, фарміраванні іміджу вобласці ў маштабах краіны. Выкананне гэтых задач патрабуе добрасумленнага стаўлення да справы. Пазіцыя журналістаў павінна заключацца ў тым, каб не хаваць недахопы, а выяўляць іх, адлюстроўваць прычыны і шляхі вырашэння, – падкрэсліў кіраўнік вобласці, адзначыўшы пры гэтым, што так працуюць шэраг выданняў, у тым ліку і «Віцебскія весці».
Журналісты, лічыць Мікалай Шарснёў, павінны не толькі выступаць ілюстратарамі жыцця, але і зазіраць у глыбіню з'яў, што адбываюцца. Слова – вялікая зброя і каштоўныя лекі, якія могуць як загубіць, так і вылечыць.
Узнагароды журналісцкім калектывам і асабліва адметным за год аўтарам заснаваны ў канцы 2014 года і ўручаюцца ўжо пяты раз. Лідарамі ў творчым спаборніцтве на прэмію імя Францыска Скарыны сёлета сталі віцебскія гарадскія газеты «Віцьбічы» і «Вечерний Витебск», а таксама раённая – «Міёрскія навіны».
Асобна адзначаны творчыя праекты журналістаў «Браслаўскай зоркі» і ўласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх СМІ, інфармацыйных агенцтваў па Віцебскай вобласці – Ганны Навумавай («Беларусь сегодня») і Анастасіі Аласаніі («Сталічнае тэлебачанне).
Найлепшым фотарэпартаром стаў Дзяніс Лешчык («Наваполацк сёння»), найлепшым маладым журналістам Марыя Санько (Бешанковіцкая раённая газета «Зара»).
Названы таксама лаўрэаты прэміі электронных СМІ «Віцязь». Імі ў розных намінацыях сталі Тэлерадыёкампанія «Віцебск», «Пастаўскае мясцовае радыё» і «Паставы ТВ», «Чашніцкае раённае радыё», інтэрнэт-рэсурс газеты «Родныя вытокі» і праграмы радыёвяшчання Докшыцкага раёна.
Ганаровыя граматы аблвыканкама і падзякі кіраўніка вобласці атрымалі работнікі друкарні, пошты і сувязі.