У Віцебску ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурсу СМІ
Найлепшымі друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі сёлета прызнаны рэдакцыі перыядычных выданняў «Полацкі веснік» (першае месца), «Веснік Глыбоччыны» (другое месца), ушацкая газета «Патрыёт» (за праект «Справы маладых – старт у глыбінцы») і рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет «Віцебскі веснік» і «Вечерний Витебск» у намінацыі «Найлепшы афіцыйны інтэрнэт-рэсурс».
Прэмія імя Францыска Скарыны ўручана таксама ўласнаму карэспандэнту ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Алегу Шапелю, намесніку рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі па Віцебскай вобласці РУП «БЕЛТА» Вользе Багачовай, фотакарэспандэнту «Віцебскіх вестак» Дзмітрыю Осіпаву і карэспандэнту газеты «Дзвінская праўда» Верхнядзвінскага раёна Алене Мароз.
Прэмія «Віцязь» прысуджана тэлекампаніі «Віцебск», «Радыё Віцебск».
– Сродкі масавай інфармацыі Віцебшчыны – не толькі люстэрка, якое адлюстроўвае жыццё рэгіёна, але і стваральнік яго іміджу ў маштабах рэспублікі. Важна, асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі, даваць людзям сумленную, аб'ектыўную, праўдзівую інфармацыю. Гэтага чакаюць ад СМІ і чытачы, і тэлегледачы, і ўлады, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў.
Кіраўнік вобласці высока ацаніў узровень газет і тэлебачання і адзначыў, што пункт гледжання журналістаў аўтарытэтны, ён выпрацоўвае ўстойлівы імунітэт да розных фэйкаў, інфармацыйных правакацый. Мікалай Шэрстнёў звярнуў увагу і на эканамічны складнік працы СМІ – па выніках мінулага года 21 з 24 газет Віцебшчыны выйшла на прыбытковую працу.
Абласная прэмія, па словах Мікалая Мікалаевіча, – вынік творчага спаборніцтва, якое ўзбагачае працу журналістаў, дапамагае знаходзіць свежыя рашэнні, дасягаць жаданага выніку.
– Калектыў «Полацкага веснікa» ў чацвёрты раз удастойваецца такой высокай узнагароды. Яна абавязвае рухацца наперад. Сёння няпроста захаваць давер нашых чытачоў, але мы стараемся яго заслужыць і не страціць, – сказала галоўны рэдактар газеты Святлана Чаркоўская.
Мікалай Шарстнёў уручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама таваразнаўцу Віцебскага філіяла РУП «Белсаюздрук» Алене Артус, начальніку цэха Віцебскага філіяла «Белтэлекам» Андрэю Казлову і калектыву ўчастка паштовай сувязі Шуміліна.
З мінулымі прафесійнымі святамі газетчыкаў, тэлевізійшчыкаў, сувязістаў павіншаваў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.