У Віцебску назвалі імёны ўладальнікаў абласной прэміі за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва

В Витебске назвали имена обладателей областной премии за высокие творческие достижения в сфере культуры и искусства

Звычайна ўзнагароджанне самых годных прадстаўнікоў прафесіі праходзіць напярэдадні Дня работнікаў культуры, які адзначаецца у другое нядзелю кастрычніка. Але сёлета ў сувязі з выбарамі цырымонію перанеслі. Так што вінаваўцаў урачыстасці віншавалі двойчы: у мінулую нядзелю і ўчора, калі артысты, музыканты, бібліятэкары, музейшчыкі сабраліся ў Віцебскім каледжы культуры і мастацтваў.

Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларыса Аленская, цяперашні год быў насычаны культурнымі мерапрыемствамі. Усяго іх праведзена больш за 80 тыс., у тым ліку 5 міжнародных фестываляў, 32 абласныя святы і агляды, 15 выстаў. Упершыню ў Дубровне прайшоў конкурс беларускай традыцыйнай свістулькі – «Салавейка». Лепшыя калектывы Віцебшчыны прынялі ўдзел у святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі, «Дажынках», іншых важных для вобласці і рэспублікі мерапрыемствах.
На базе музеяў было арганізавана некалькі канферэнцый, перавыдана кніга «Музеі Полацка». Блізяцца да завяршэння работы па адслойванні фрэсак у Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і стварэнні экспазіцыі жывапісу XII – XIX стагоддзяў у Мастацкай галерэі Полацка.

Нямала зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры вобласці. Вядзецца рэканструкцыя будынка на вуліцы «Праўды», 5 пад будучы мемарыяльны музей Віцебскага народнага вучылішча. На гэтыя мэты ў цяперашнім годзе выдзелена 12 млрд рублёў. Працягваецца рамонт Віцебскага і Наваполацкага музычных каледжаў, культурна-аздараўленчага цэнтра ў Лёзне, Дома культуры ў Балбасаве Аршанскага раёна. Важнай падзеяй для Верхнядзвінска стала адкрыццё краязнаўчага музея. У рамках падрыхтоўкі да абласнога свята працаўнікоў вёскі ў Талачыне новы аблічча набылі Дом культуры, дзіцячая школа мастацтваў і музей. Узведзены сучасны будынак бібліятэкі.

З пачатку года на папаўненне бібліятэчных фондаў выдзелена звыш 9 млрд рублёў. Наваполацкая цэнтральная бібліятэчная сістэма, бібліятэка імя Янкі Купалы Полацкага раёна і Крапіўненская сельская бібліятэка Аршанскага раёна ўвайшлі ў лік пераможцаў I Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання».

Навучэнцы каледжаў і ўстаноў дадатковай адукацыі годна прадставілі беларускія выканальніцкую і мастацкую школы на рэспубліканскіх конкурсах і прэстыжных міжнародных форумах у Аўстрыі, Францыі, Германіі, Польшчы, Балгарыі і Расіі. 20 выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў вобласці ўключаны ў банк даных Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Асаблівыя словы падзякі Ларыса Аленская адрасавала цяперашнім лаўрэатам, якія працуюць на ніве культуры. Традыцыйна ўзнагароджанне праходзіла па некалькіх намінацыях. Лепшым артыстам філармоніі прызнана Людміла Шчарбіна, лепшымі клубнымі работнікамі – кіраўнік узорнага ансамбля барабаншчыц «Віват» Глыбоцкага ГДК Маргарыта Цветнікава і галоўны дырыжор абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Антаніна Слінькова. Прэміі ў памеры 20 базавых велічынь таксама атрымалі майстар Дома рамёстваў Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Квашко, дырэктар Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Нясневіч, дырэктар Шаркаўшчынскага РЦК Аксана Сініца (як арганізатар аказання платных паслуг насельніцтву). У намінацыі «За педагагічныя дасягненні» ўзнагароджаны настаўнікі Дзіцячай школы мастацтваў №1 Наваполацка Маргарыта Мартас і Аршанскай ДШМ №3 Галіна Высоцкая. Лепшымі музейнымі работнікамі названы загадчыца Дзіцячага музея – філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Наталля Андрэева і малодшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка Вера Шушко.

Былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, а таксама дыпломы за лепшую прэзентацыю брэндаў гарадоў і раёнаў на «Славянскім базары ў Віцебску» і «Дажынках».

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».