У Віцебску назвалі найлепшыя студатрады вобласці працоўнага семестра 2017 года

В Витебске назвали лучшие студотряды области трудового семестра 2017 года
На Віцебшчыне падвялі вынікі часовай занятасці моладзі ў працоўным семестры-2017.

Так, сёлета лічбы меншыя ў параўнанні з папярэднім годам (цяпер больш за 5 тысяч навучэнцаў і студэнтаў атрымалі магчымасць падпрацаваць, у 2016-м было каля 9 тыс.), але зніжэнне дапушчана па ўсёй краіне, і наша вобласць на другім месцы па колькасці ўдзельнікаў студатрадаў.

Да таго ж, як справядліва адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, за кожнай лічбай стаіць асобны малады чалавек, які быў працаўладкаваны, працаваў у медыцынскім, будаўнічым, педагагічным, экалагічным атрадзе, прыносіў карысць Радзіме і зарабляў грошы.

– Шчырыя словы падзякі і ад мяне, і ад старшыні аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, з якім абмеркавалі тэму студатрадаўскага руху, праблемы і перамогі. Вельмі прыемна, што з году ў год нашы будатрады з ПДУ прызнаюцца лепшымі, што мы годна паказваем сябе на моладзевай будоўлі атамнай станцыі, за межамі нашай краіны, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – У наступным годзе мы будзем святкаваць 100-годдзе ВЛКСМ, выдатна, што гэтая цудоўная традыцыя, якая зарадзілася ў камсамоле, жыве і дазваляе выхоўваць моладзь на працоўных асновах.

У гэтым заслуга арганізатараў працоўнага семестра: кіраўнікоў навучальных устаноў, наймальнікаў, якія ў няпростых эканамічных умовах знаходзяць магчымасці прадаставіць моладзі працоўныя месцы, саміх удзельнікаў атрадаў, штабоў працоўных спраў.

Органы ўлады цэняць уклад юнага пакалення ў вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці вобласці, няхай гэта будзе ўборка ўраджаю на палях, навядзенне парадку ў лясах, арганізацыя працы дзіцячых аздараўленчых лагераў, дапамога на будоўлі, у бальніцах і іншае, у чым можа падставіць плячо моладзь.

Сведчаннем таму – узнагарода лепшым ад аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, упраўленняў адукацыі і аховы здароўя, камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання, Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання. 

Як падкрэсліў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Віктар Глушын, рабяты, якія працавалі ў складзе студэнцкіх атрадаў, зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку, яны адрозніваюцца працавітасцю, адказнасцю, ініцыятыўнасцю.

Ён падзякаваў за падтрымку студатрадаўскага руху ў вобласці – аднаго з асноўных напрамкаў дзейнасці маладзёжнай арганізацыі. Для маладых людзей такая магчымасць сапраўды вельмі важная. 

Большасць узнагародаў абласнога штаба, які каардынуе і кантралюе дзейнасць студэнцкіх атрадаў, сёлета ўвёз Полацкі раён. На яго рахунку лепшы педагагічны атрад Віцебшчыны («Смарагдавы»), сельскагаспадарчы («Залаты колас - 1»), экалагічны (эканамічнага каледжа), медыцынскі (мед.каледжа імя Героя Савецкага Саюза З. Тусналобы-Марчанкі), а таксама атрад, які працуе на абласной маладзёжнай будоўлі (будатрад «Аграрачка» эканамічнага каледжа).

Лепшым будаўнічым атрадам прызнаны «Ударнік» Чыгуначнага штаба працоўных спраў горада Віцебска, сэрвісным – «Комета» індустрыяльна-педагагічнага каледжа ВДТУ. На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі – БеАЭС – ударна папрацавалі будатрады «Эўрыка» і «Зодчыя» (ПДУ) Наваполацкага штаба працоўных спраў.

Больш за ўсё ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі на Віцебшчыне было арганізавана выязных атрадаў. Сярод тых, хто працаваў за межамі Беларусі, адзначаны будатрад «Ермак» імя І. Баграмяна і педагагічны «Новы лідарскі атрад+» ім. М. Шмырэва, сфармаваныя абласным штабам працоўных спраў.

Названы імёны лепшых камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў, лепшыя штабы працоўных спраў, а таксама арганізацыі, якія прымаюць моладзь на працу. Сёлета такімі прызнаны сельскагаспадарчы філіял «Цеплічны» РУП «Віцебскэнерга» (Аршанскі раён) і аддзел адукацыі, спорту і турызму Дубровенскага райвыканкама.

Узнагароды раздадзены, ёсць магчымасць трохі адпачыць і набрацца сіл перад наступным працоўным семестрам – часам новых здзяйсненняў.

"Віцебскія весці".