У Віцебску назвалі найлепшых маладых вучоных вобласці. Якія распрацоўкі забяспечылі ім перамогу?
Падведзены вынікі штогадовага адкрытага абласнога конкурсу сярод маладых вучоных і спецыялістаў на атрыманне прэмій Віцебскага аблвыканкама.
У межах міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі выкладчыкаў і студэнтаў у ВДТУ прайшло ўзнагароджанне лепшых на Віцебшчыне маладых даследчыкаў, якія займаюцца перспектыўнымі і інавацыйнымі распрацоўкамі ў розных галінах навуковай дзейнасці. Сёлета на сушуканне прэміі Віцебскага аблвыканкама было пададзена больш за 20 работ па матэматыцы, фізіцы, медыцыне, гуманітарных навуках, эканоміцы і іншых галінах ведаў.
У выніку лаўрэатамі прызнаны шэсць вучоных з чатырох ВНУ паўночнага рэгіёну. Сярод лепшых фундаментальных даследаванняў 2016 года адзначаны працы прафесара кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі, доктара фізіка-матэматычных навук ВДУ імя П. Машэрава Мікалая Вераб'ёва; дацэнта кафедры літаратуры, кандыдата філалагічных навук Алены Крыклівец і асістэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі ВДМУ, кандыдата медыцынскіх навук Таццяны Раждeственскай. Таццяна расказала аб прадстаўленай на абласны конкурс навуковай працы «Гестоз, плацэнтарная недастатковасць, заўчасныя роды ў цяжарных з артэрыяльнай гіпертэнзіяй: распаўсюджанасць, патагенез, прагноз развіцця».
– У выніку даследавання распрацаваны спосаб, дзякуючы якому можна на ранніх тэрмінах цяжарнасці прагназаваць у жанчын гэтыя найцяжэйшыя ўскладненні і правесці своечасовую прафілактыку, а значыць, пазбегнуць у будучыні неспрыяльных зыходаў, знізіць мацярынскую і дзіцячую смяротнасць, прэнатальную захворванне, – патлумачыла маладая вучоная.
У конкурсным раздзеле «Прыкладныя даследаванні і распрацоўкі» лаўрэатамі прэміі аблвыканкама сталі старшы выкладчык кафедры прамысловай тэхналогіі з курсам факультэта павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў ВДМУ, кандыдат фармацэўтычных навук Наталля Дубашынская, старшы выкладчык кафедры матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВГТУ, кандыдат тэхнічных навук Аксана Катовіч і дацэнт кафедры радыёэлектронікі ПДУ, кандыдат тэхнічных навук Дзяніс Рабенка. Малады чалавек рэалізуе свой навуковы патэнцыял у сферы IT-тэхналогій, працуе ў навуковым калектыве лабараторыі, якая займаецца даследаваннямі ў галіне тэхнічнай абароны інфармацыі.
Даследчы цэнтр, створаны на базе полацкай ВНУ пад кіраўніцтвам прафесара, доктара тэхнічных навук, загадчыка кафедры радыёэлектронікі Уладзіміра Жалезняка, на сённяшні дзень з'яўляецца адным з перадавых не толькі ў Беларусі, але і ў Саюзнай дзяржаве. Распрацоўкі віцебскіх вучоных адзначаны на міжнародным узроўні.
– Сёлета наш навуковы калектыў на выставе ў сферы інавацыйных тэхналогій атрымаў дыплом першай ступені і залаты медаль за распрацоўку і ўкараненне тэхналогіі тэхнічнай абароны інфармацыі, – распавядае Дзяніс.
Прывітала ўдзельнікаў форуму і віншавала лаўрэатаў прэміі 1-ы намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Ала Залесская. Яна падкрэсліла, што інавацыйныя распрацоўкі, тэхналогіі, вынікі даследчай дзейнасці маладога пакалення ўкараняюцца на практыцы і адыгрываюць важную ролю ў развіцці як эканомікі нашай вобласці, так і рэспублікі ў цэлым.
– Віцебшчына з'яўляецца лідарам сярод усіх рэгіёнаў краіны па ўдзельнай вазе інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі – 33% (летась – 32%), – паведаміла Ала Міхайлаўна, дадаўшы, што такі вынік сведчыць аб цесным і эфектыўным узаемадзеянні маладых вучоных, органаў мясцовай улады і прадпрыемстваў, якія ўкараняюць перспектыўныя тэхналогіі і распрацоўкі.
Наталля Камлёва, фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія весці».