У Віцебску ўначы са светлавым шоу паднялі сцяг «Славянскага базару-2021»

Уладальнікі Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2015" Дзімаш Кудайберген і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2020" Ангеліна Ломака ўрачыста ўзнялі сцяг XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Сёлета ўпершыню вырашылі правесці цырымонію ўзняцця сцяга ўночы - роўна апоўначы. Упрыгожыла цырымонію на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра светлавое шоў у выкананні моладзевага тэатра "Кола", харэаграфічнага ансамбля "Зорка", майстэрні танца "Гаджэт". Сёлета каля галоўнай сцэны фестывалю будуць лунаць сцягі 33 краін-удзельніц.

Дзімаш Кудайберген расказаў, што "Славянскі базар" для яго і іншых маладых выканаўцаў стаў асаблівым фестывалем. "Рады тут знаходзіцца, таму што вельмі люблю Беларусь, Віцебск, фестываль. Цёпла стаўлюся да ўжо маёй роднай сцэны", - сказаў ён і дадаў, што "Славянскі базар" мае свой стыль, ён адбыўся і яму не трэба пераймаць іншыя музычныя праекты.

Другая ўдзельніца цырымоніі Ангеліна Ломака дадала, што для яе гонар узняць сцяг фестывалю. "Мы толькі прыехалі з Мінска ў Віцебск, даўно не былі тут і вельмі сумавалі. Горад і фестываль сталі для мяне роднымі", - сказала яна.

Ангеліна ЛомакаСёння ў Летнім амфітэатры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Загарыцца новая зорка на плошчы лаўрэатаў каля Летняга амфітэатра. Тут атрымае імянную прапіску ўладальнік спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" Мікалай Баскаў.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 15 па 18 ліпеня, першыя мерапрыемствы стартавалі ўчора. Закроюць фестываль гала-канцэртам з узнагароджаннем пераможцаў конкурсаў 18 ліпеня. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, дзіцячага - спявак Філіп Жмахер (Сербія).

 

БЕЛТА.