У Віцебску навасёлаў вучаць жыць у "разумных" дамах з розумам
17 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыхароў першых энергаэфектыўных дамоў у Віцебску вучаць правільна карыстацца сваімі кватэрамі, расказаў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Каташук.
У абласным цэнтры ўпершыню ўведзены ў эксплуатацыю два "разумныя" жылыя шматкватэрныя дамы па праекце інстытута "Віцебскграмадзянпраект". Праекціроўшчыкі арыентаваліся на аналагічную распрацоўку НДПТІС ім. Атаева. Дзякуючы сучасным інжынерным камунікацыям расход цяпла на ацяпленне квадратнага метра ў такім будынку зніжаецца ў 3-4 разы ў параўнанні з традыцыйным. Аднак, як паказала практыка, жыць у "разумным" доме трэба з розумам.
Найбольшая колькасць пытанняў у новасёлаў узнікла з сістэмай прытокава-выцяжной вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, якая змешвае цёплае паветра з кватэр з халодным вулічным, што нагнятаецца ў жыллё. Для таго, каб гэтая сістэма працавала нармальна, неабходна выконваць пэўныя ўмовы. Некаторыя з іх элементарныя: дзверы ў пад'ездзе заўсёды павінны быць шчыльна зачынены. Іншыя патрабуюць аднавіць школьныя веды па фізіцы. Напрыклад, час праветрывання пакоя неабходна разлічыць у залежнасці ад аб'ёму паветра, які ў ім утрымліваецца.
Пасля ўводу дамоў у эксплуатацыю жыхароў інструктавалі аб тым, як трэба рэгуляваць тэмпературу паветра і паветраабмен у кватэрах, раздавалі памяткі. Як паказала камісійнае абследаванне, не ўсе новасёлы выконваюць правілы. "Мы яшчэ не прывыклі эканоміць і лічыць цяпло і электраэнергію. А між тым правільная эксплуатацыя такіх кватэр дазваляе пры цяперашніх тарыфах акупіць затраты на будаўніцтва за шэсць гадоў, пры росце тарыфаў тэрміны акупнасці будуць змяншацца", - канстатаваў Уладзімір Каташук. З-за таго, што ў жыхароў узнікаюць праблемы з эксплуатацыяй энергаэфектыўнага жылля, узнікла неабходнасць у дадатковых навучальных матэрыялах.
Сёння ў Віцебску абжываюцца два энергаэфектыўныя жылыя дамы, яшчэ адзін будуецца. Іх эксплуатацыя ўзята на жорсткі кантроль гарвыканкама.
У 2009 годзе пастановай Саўміна зацверджана Комплексная праграма па праектаванні, будаўніцтве і рэканструкцыі энергаэфектыўных жылых дамоў у Рэспубліцы Беларусь на 2009-2010 гады і на перспектыву да 2020 года. Яна прадугледжвае, што ўдзельнае спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў на ацяпленне такіх дамоў на першым этапе складзе не больш за 60 кВт.г на 1 кв.м у год пры цяперашнім нарматыве 86-91 кВт.г на 1 кв.м у год у будынках рознай павярховасці.
Пераход на будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў дазволіць забяспечыць значную эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў, а таксама палепшыць спажывецкія якасці і павысіць камфортнасць жылых памяшканняў.-0-