У Віцебску абнавілі абласную Дошку гонару
У Віцебску абноўлена абласная Дошка гонару. Цырымонія занясення прадпрыемстваў і арганізацый на Дошку гонару Віцебскай вобласці за працоўныя поспехі ў 2013 годзе адбылася сёння ў горадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пераможцамі працоўнага спаборніцтва ў дасягненні ў 2013 годзе найлепшых вынікаў у выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, забеспячэнні высокіх паказчыкаў сталі 20 прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. У іх ліку адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Віцебскія дываны", "Наваполацкліфт", СТАА "Белвест", ПУП "Ніць" АА "Беларускае таварыства глухіх", Аршанскі лясгас, ААТ "Дом гандлю Наваполацка", Докшыцкі і Полацкі хлебазаводы ААТ "Віцебскхлебпрам", заводы "Ветразь" і "Легмаш", ААТ "Аб'яднанне "Лотас", Віцебскае аддзяленне БЧ, гімназіі №1 Віцебска і №2 Оршы, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі філіял ВА "Вышэйшы каледж сувязі", Цэнтр культуры "Віцебск", Віцебская гарадская цэнтральная дзіцячая паліклініка, Пастаўская цэнтральная раённая бальніца, рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет "Віцьбічы" і "Вечерний Витебск".
З занясеннем на Дошку гонару Віцебскай вобласці пераможцаў працоўнага спаборніцтва павіншаваў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі. Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе ў вобласці захоўвалася станоўчая дынаміка па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Забяспечаны прырост па інвестыцыях у асноўны капітал, рознічным тавараабароце, экспарце паслуг. У арганізацый камунальнай уласнасці - станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі на складах і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці арганізацый вобласці самае нізкае ў рэспубліцы. Вырасла вытворчасць шкловалакна, аўтамабільных бензінаў, мэблі, дываноў, абутку, сталовых сурвэтак, лекавых сродкаў, мяса і харчовых субпрадуктаў, цэльнамалочнай прадукцыі.
Ствараюцца новыя прадпрыемствы і вытворчасці. У 2013 годзе ў вобласці адкрыта 105 вытворчасцей на дзейных прадпрыемствах, створана 920 працоўных месцаў. Уведзены ў эксплуатацыю цэхі па вытворчасці керамзітабетонных вырабаў у ААТ "Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомы", па вытворчасці цвёрдых гатункаў сыру магутнасцю 10 т у змену на Пастаўскім малочным заводзе. Завершаны рэканструкцыя цэха па вытворчасці сметанковага масла на Верхнядзвінскім масласырзаводзе, Браслаўскім філіяле ААТ "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат".
"У складаных умовах развіцця сусветнай эканомікі прадпрыемствы Прыдзвіння шукаюць крыніцы эканамічнага росту за кошт развіцця інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу чалавека, мадэрнізацыі вытворчасцей, пошуку новых ідэй і тэхналогій. Поспех прыходзіць да тых, хто ўмее дакладна вызначыць мэту, прымае прадуманыя рашэнні на перспектыву", - падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
Уладзімір Навацкі адзначыў, што ўшанаванне перадавікоў з'яўляецца данінай павагі найбольш аўтарытэтным калектывам і працаўнікам, якія канкрэтным прыкладам, справамі не толькі павышаюць уласны дабрабыт, але і спрыяюць умацаванню эканомікі сваіх рэгіёнаў, вобласці, краіны.
Вольга Багачова