У Віцебску абмеркавалі канцэпцыі дэталёвага плана цэнтральнай часткі абласнога цэнтра і карэкціроўкі генеральнага плана Полацка

В Витебске обсудили концепции детального плана центральной части областного центра и корректировки генерального плана Полоцка

У Віцебскім гарвыканкаме прайшло пашыранае пасяджэнне абласнога архітэктурна-горадабудаўнічага савета. Зацікаўленыя ведамствы і службы абмеркавалі канцэпцыі дэталёвага плана цэнтральнай часткі абласнога цэнтра і карэкціроўкі генеральнага плана Полацка. Пра тое, якія ідэі атрымалі адабрэнне экспертаў, распавёў начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Леанід Лапарэвіч.

— Горад — не проста жылыя кварталы, дарогі, камунікацыі, але і свайго роду арганізм, які расце, развіваецца. І ад таго, наколькі пісьменна вядзецца горадабудаўнічая палітыка, залежыць гарманічнае функцыянаванне населенага пункта. Леанід Яўгенавіч, якія новыя аб'екты грамадскага значэння плануецца ўзвесці?

— Варта сказаць, што дэтальны план цэнтральнай часткі Віцебска і карэкціроўка генеральнага плана Полацка распрацаваны УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва». У адпаведнасці з ім у паўночнай сталіцы намечана рэканструкцыя цэнтральнага корпуса Смаленскага рынку, аранжарэі ў Батанічным садзе. Будуць завершаны новы будынак КДБ, Палац шлюбаў. Паблізу амфітэатра з'явіцца атракцыён «Амерыканскія горкі», а каля драмтэатра — музей археалогіі і рэстаран. Сфарміруюцца зоны музеяў Пэна, Шагала, Лісіцкага і УНОВіСа на вул. «Праўды». На вул. Сярэдненабярэжнай будуць створаны вуліца майстроў, грамадска-культурная зона «Шагалія» ў стылістыцы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў з крамамі, выставачнымі заламі, майстэрнямі, канферэнц-заламі, навучальнымі цэнтрамі, гасцініцамі і хостэламі. Вул. Будзённага пераўтворыцца за кошт узвядзення гандлёвага цэнтра «Гіпа», буйнога спартыўна-аздараўленчага комплексу. У цэнтральнай частцы горада з'явіцца гандлёва-забаўляльны цэнтр «Радзівілаўскі». Таксама плануецца рэканструяваць Палац губернатара і Губернатарскі сквер. Будуць адроджаны фрагменты крэпасных сцен і абарончых вежаў Верхняга замка паблізу плошчы Тысячагоддзя, захоўваючы пераемнасць горадабудаўнічых рашэнняў з магчымасцю аднаўлення страчаных пабудоў. Гэта дазволіць звязаць у адзіны архітэктурны ансамбль гістарычныя будынкі цэнтра Віцебска, вярнуць складзены стагоддзямі непаўторны аблік горада. А ў Полацку пашырыцца тэрыторыя Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. У раёне Кургана Нямоўлых адобрана фарміраванне грамадскай зоны для правядзення масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, у горадзе плануецца стварыць шматфункцыянальны вытворча-дзелавы раён Баравуха-2 за кошт рэканструкцыі тэрыторыі ваеннага гарадка №5.

— Якія перспектывы развіцця жыллёвага будаўніцтва?

— Сагласавана ўзвядзенне ў паўночнай сталіцы новых шматкватэрных жылых дамоў і дзіцячых садкоў, пашырэнне дашкольнай установы на вул. Генерала Люднікава. Чакаецца, што будуць сфарміраваны малапавярховыя забудовы са свабоднымі ад транспарту ўнутранымі дварамі. Пры будаўніцтве новага жылога раёна паблізу вул. Будзённага ліквідуецца частка чыгуначных пуцей. Шматкватэрныя шматпавярховыя жылыя забудовы з'явяцца і ў Полацку на працягу раёнаў, што будуюцца, Аэрапорт, Баровуха-3, а сядзібныя — паблізу малочнага камбіната і вул. Шміта, Прамысловай і Спасскай, уздоўж вул. Гагарына, Трасніцкай, за в. Каз'янкі, у раёнах в. Бельчыца, Экімань, Багатырская. Дарэчы, гэтыя населеныя пункты разам з Паўднёвай і Каз'янкамі да 2020 года ўвойдуць у гарадскую рысу.

— Пры ўзвядзенні новых аб'ектаў напэўна спатрэбіцца ўдасканаленне дарожна-транспартнай сеткі і сэрвісна-паркавачнай інфраструктуры. Як будуць рухацца эксперты ў гэтым напрамку?

— Для паляпшэння транспартнай сітуацыі ў Віцебску плануецца сфарміраваць паўночную хорду, якая праходзіць па датычнай да цэнтра горада — вул. Цітова — Ленінградская, Праектуемая-1, Чэхава, Гараўца, Гагарына, — з моставым пераходам праз Заходнюю Дзвіну і пуцеправодам праз чыгунку. Таксама павінна атрымаць развіццё ўсходняе паўкольца — вул. Церашковай і П. Баўкі — з выхадам на Гагарына. Запланавана рэканструкцыя пуцеправода па вул. М. Горкага і Генерала Белабародава. Намечана будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў у раёнах Гапеева ручая, на вул. Леніна і пр-це Фрунзе. Вызначаецца тэрыторыя пад будаўніцтва канатнай дарогі праз раку Заходняя Дзвіна. Будуць сфарміраваны адкрытыя аўтастаянкі і шматпавярховыя паркінгі. Усё гэта дазволіць разгрузіць цэнтр Віцебска ад транспарту, павялічыць прапускную здольнасць і надзейнасць існуючай транспартнай сеткі за кошт яе рэканструкцыі і фарміравання альтэрнатыўных шляхоў руху.

— Ці будуць распрацаваны новыя ландшафтныя рашэнні?

— Безумоўна. Галоўнай кампазіцыйнай воссю ў паўночнай сталіцы стануць набярэжныя зоны рэк Заходняя Дзвіна, Віцьба і ручаёў, а таксама гарадскія скверы і бульвары. Дарэчы, на беразе Заходняй Дзвіны чакаецца завяршэнне будаўніцтва воднага амфітэатра са святлодыёднымі прыладамі для ўпрыгожвання ў цёмны час сутак. Абновяць парк ім. Фрунзе, які плануецца насыціць пляцоўкамі для гульняў, забаў і актыўных відаў спорту.

— Перш чым будзе дадзены старт увасабленню задуманага, разгледжаныя на пасяджэнні абласнога архітэктурна-горадабудаўнічага савета праекты павінны быць дэталёва вывучаны.

— Несумненна. Яны праходзяць шэраг экспертыз — экалагічную, санітарна-гігіенічную, дзяржаўную, а таксама грамадскае абмеркаванне. Варта адзначыць, што абодва планы ўяўляюць сабой стратэгію развіцця гарадскіх тэрыторый. Зацверджаныя ва ўстаноўленым парадку праекты з'яўляюцца падставай для мясцовых улад пры наяўнасці фінансавых магчымасцей паэтапна ажыццяўляць гэтыя рашэнні. Яны створаць умовы для камфортнага пражывання жыхароў Віцебска і Полацка, павысяць турыстычную прывабнасць гэтых населеных пунктаў. Лічу, што новыя фарбы ў будаўнічай палітре дададуць планавальныя і архітэктурна-прасторавыя элементы, якія ўзбагацяць намечаную кампазіцыю карэктуемых раёнаў і нададуць асаблівую "разыначку", адпаведную статусам гарадоў.

Вольга Булавка. Фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія весці».