У Віцебску абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва рэгіёна з Еўрасаюзам
Як адзначыў кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзірк Шюбель, з 2016 года пакет дапамогі Беларусі з боку ЕС склаў 31 млн еўра. Гэта ў два разы больш, чым у папярэднія гады.
ЕС і Беларусь вядуць рэгулярны дыялог па шырокім крузе пытанняў. Зусім нядаўна былі завершаны перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Акрамя гэтага, Беларусь цяпер можа супрацоўнічаць з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, а ўзаемадзеянне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця значна пашырылася. Таксама Беларусь выкарыстоўвае твінінг-інструмент, які дазваляе дзяржаўным ведамствам наўпрост супрацоўнічаць з калегамі ў краінах ЕС для вырашэння канкрэтных актуальных задач.
Дадзеная сустрэча заложыць аснову для новых партнёрскіх адносін.
Віцебская вобласць — актыўны ўдзельнік праектаў, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам і накіраваны на ўстойлівае развіццё рэгіёну ў сферах турызму, энергаэфектыўнасці, зялёнай эканомікі, аховы здароўя і сацыяльнай інтэграцыі, навакольнага асяроддзя, прадпрымальніцтва. Па колькасці гарадоў, якія далучыліся да «Пагаднення мэраў», Віцебшчына лідзіруе сярод іншых абласцей краіны. Удзельнікамі еўрапейскай ініцыятывы па клімаце і энергіі ўжо сталі 11 населеных пунктаў — Браслаў, Верхнядзвінск, Віцебск, Гарадок, Глыбокае, Докшыцы, Наваполацк, Орша, Полацк, Талачын, Шаркаўшчына.
— Віцебшчына — адзіная вобласць краіны, якая адначасова мяжуе і з ЕС у асобе Латвіі, Літвы, і з Расійскай Федэрацыяй, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч. — З аднаго боку, мы можам развіваць трансгранічнае супрацоўніцтва, з другога – быць мостам для ўзаемадзеяння з Еўразійскім эканамічным саюзам.
— На працягу шэрагу гадоў мясцовае і рэгіянальнае развіццё з'яўляецца важнай састаўной часткай супрацоўніцтва ЕС і Беларусі, — сказаў кіраўнік праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Берэнд дэ Гроот. — Новы праект — развіццё эканомікі на мясцовым узроўні. Яго бюджэт — 7,7 млн еўра. Ён рэалізуецца ў 12 пілотных раёнах рэспублікі ў межах больш буйной праграмы пад назвай SPRING "Стымуляванне развіцця прыватнай ініцыятывы ў Беларусі".
— Мы ўжо стварылі мясцовы план супольных дзеянняў па развіцці малога і сярэдняга бізнесу для Браслава і Оршы, — дадаў прадстаўнік ЕС у Рэспубліцы Беларусь Аляксей Вавохін. — Быў праведзены першы конкурс падтрымкі інфраструктуры прадпрымальніцтва. Аршанскі цэнтр маладзёжнага прадпрымальніцтва падаў заяўку і атрымаў фінансаванне ў памеры 100 тысяч еўра. У канцы наступнага года ўпершыню ЕС будзе выдзяляць канкрэтныя фінансавыя інструменты на прамую падтрымку стартапаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Бюджэт конкурсу — 300 тысяч еўра. Таксама паспрабуем у сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва стварыць фонд сацыяльнага уздзеяння. Мы хочам прыцягнуць бізнес да вырашэння праблем у грамадстве.
Новы праект па рэгіянальным развіцці, які зараз распрацоўваецца з Міністэрствам эканомікі, — Праграмы рэгіянальных інвестыцый і канкурэнтаздольнасці (BRIC) на 18 мільёнаў еўра. Як чакаецца, будзе адбывацца ўкараненне на пілотнай аснове новых метадалогій рэгіянальнага развіцця і падтрымка цэнтраў эканамічнага росту ў трох абласцях краіны — Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай. Важна ў гэтай працы і прыцягненне мясцовай экспертызы. Меркавана, рэалізацыя праграмы пачнецца з наступнага года.
Удзельнікам сустрэчы былі прадстаўлены праекты, рэалізаваныя пры ўдзеле Полацкага райвыканкама, «БЕЛМЕД», «Erasmus», ініцыятыва «Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада» (Наваполацк), агляд вынікаў «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі» ў Беларусі і Віцебскай вобласці, праграма трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія—Літва—Беларусь», магчымасці для жанчын у бізнесе і іншае.
Віцебск стаў трэцім горадам, у якім на працягу года прайшлі рэгіянальныя інфармацыйныя сустрэчы па ініцыятыве Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза.