У Віцебску абмеркавалі ўплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі на жыццё ў рэгіёне
Кастрычнік 1917 года выклікаў і выклікае супярэчлівыя меркаванні. Але, як адзначыў доктар гістарычных навук, прафесар Іван Мандрык, які выступіў у якасці мадэратара дыскусіі, да ацэнкі Кастрычніцкай рэвалюцыі неабходна падыходзіць аргументавана. У такім выпадку для прадстаўнікоў розных пунктаў гледжання будзе відавочны факт, што яна стала найвялікшым паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва, які шмат у чым прымусіў па-новаму асэнсаваць палітычную, эканамічную, культурную і сацыяльную складнікі чалавечага жыцця. Удзельнікі круглага стала сканцэнтравалі ўвагу на абмеркаванні ўплыву тых падзей на жыццё ў Віцебскай губерні, як рэвалюцыя адбілася на жыцці простых людзей.
У апошнія гады ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці асаблівай папулярнасцю карыстаецца архіўны фонд «Калекцыя дакументаў аб удзельніках Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў партыі і працы». Ён запатрабаваны як навуковымі супрацоўнікамі, краязнаўцамі, так і студэнтамі, проста аматарамі гісторыі.
— У гістарыяграфіі стала папулярным напрамкам гісторыя паўсядзённасці, калі на вывучаемыя падзеі глядзяць з боку непасрэдных іх удзельнікаў. Гэты архіўны фонд стаў фарміравацца да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, а сёння ў ім 484 справы, у тым ліку парадку 100 – успаміны ўдзельнікаў падзей рэвалюцыйных гадоў, перададзеныя імі сапраўдныя дакументы, фотаздымкі і іншыя сведчанні той эпохі, — расказала загадчыца аддзела абласнога дзяржархіву Алена Бандарэва.
Частка матэрыялаў фонду была прадстаўлена ў экспазіцыі, спецыяльна падрыхтаванай да мерапрыемства. Тут жа можна было азнаёміцца з яшчэ адной выставай дзяржархіва. Яна фарміравалася да 100-годдзя рэвалюцыі і з таго часу карыстаецца нязменнай папулярнасцю.
– Ідэя выставы — паказаць паслядоўнасць падзей цяжкага 1917 года з моманту адрачэння імператара Мікалая II ад улады і заканчваючы рэвалюцыйнымі падзеямі кастрычніка, — патлумачыла намеснік дырэктара абласнога дзяржархіва Таццяна Буевіч.
З асаблівай цікавасцю ўдзельнікі азнаёміліся з тэзісамі даследавання Таццяны Буевіч на тэму арганізацыі забеспячэння насельніцтва таварамі паўсядзённага попыту пасля падзей кастрычніка 1917-га. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Дзядзінкін прадставіў фрагменты свайго даследавання на тэму нацыянальнай палітыкі савецкай улады, дзякуючы якой удалося, на яго погляд, сфарміраваць вялікую супольнасць — савецкі народ.