У Віцебску абмеркавалі пытанні эфектыўнасці водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі краіны

В Витебске обсудили вопросы эффективности водопроводно-канализационного хозяйства страны
Як зрабіць эканоміку водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі краіны эфектыўнай? У Віцебску пра гэта ішла размова на рэспубліканскім семінары-нарадзе Міністэрства ЖКГ.

У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, міністр ЖКГ Андрэй Хмель, старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мікалайкін, прадстаўнікі акадэміі навук, міністэрстваў і ведамстваў, іншыя афіцыйныя асобы.

На правах гаспадара Аляксандр Субоцін прывітаў удзельнікаў мерапрыемства і пажадаў плённай працы. Кожны, хто прыехаў сюды, можа падзяліцца ўдалым вопытам працы, які можна ўзяць іншым на ўзбраенне, каб больш эфектыўна вырашаць пытанні. Вада – гэта адзін з самых важных аспектаў жыццядзейнасці чалавека. У сістэме водазабеспячэння і водаадвядзення рэальна шмат назапасілася праблем, якія патрабуюць вырашэння, каб жыць больш камфортна і багата, падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Моцны пасыл для актыўнага абмеркавання зададзенай тэмы «Аб эфектыўнасці водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, перспектывах развіцця і прыярытэтных напрамках галіны» зрабіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак. Працу спецыялістаў у гэтай галіне судзяць, зыходзячы з колькасці пракладзеных труб, скарачэння страт вады, устаноўленых тарыфаў на ваду і каналізацыю і г.д. І нібыта лічбы па гэтых паказчыках нядрэнныя, але… Ніхто не можа адказаць на самыя галоўныя пытанні. Колькі ў краіне з нетраў здабываецца вады ў дзень, за год? Колькі ў нас свідравін? Ці добра, што спажыванне вады падае? Можа, таму, што не развіваем гэту паслугу? Чаму не ідзем у садаводчыя таварыствы і не бярэм на абслугоўванне тамтэйшыя сеткі? Калі ў прыватным сектары ідзе будаўніцтва з водазабеспячэннем, то ці павінен завісаць у паветры пытанне з водаадвядзеннем? Гэтыя і іншыя праблемы завязаны на эканоміцы, усе моманты павінны быць улічаны, пралічаны і абгрунтаваны. Эканоміка вады – вось галоўнае, тады будзе эфектыўнай і праца, лічыць Анатоль Сівак.

У спецыялістаў на гэтыя пытанні з гадамі выпрацаваліся свае погляды і пазіцыі, а мы хочам, каб на іх паглядзелі па-новаму. І нам гэта ўдалося, мяркуючы па рэакцыі ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Досведам пяцігадовай працы падзяліўся генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько. Тады было створана гэтае прадпрыемства, якое аб'яднала магчымасці 8 філіялаў, і зараз яно працуе рэнтабельна. Прыбытак ад рэалізацыі работ і паслуг у мінулым годзе склаў 3,6 млн руб. Упершыню выкананы паказчык узроўню страт і неўлічаных расходаў вады ў сетках: пры заданні 12 % ён склаў у мінулым годзе 11,7 %. Гэта стала магчымым за кошт перакладкі сетак (больш за 460 км за 5 гадоў), аператыўнага ўстаранення аварыйных сітуацый, дэмантажу 2,2 тысячы незапатрабаваных водаразборных калонак, тампанажу 220 артэзіянскіх свідравін, устаноўкі 560 прыбораў уліку расходу вады на свідравінах.

Дастаткова сказаць, што 80 % усіх работ прадпрыемства выконвае гаспадарчым спосабам, пачынаючы ад праектавання, будаўніцтва і заканчваючы эксплуатацыяй аб'ектаў. За кошт гэтага штогодна эканоміцца больш за 23 млн руб. бюджэтных сродкаў.

Першымі ў рэспубліцы ўвялі практыку працы з адзінымі па вобласці тарыфамі на паслугі для юрыдычных асоб, без прыцягнення бюджэтных субсідый на пакрыццё часткі затрат па аказанні паслуг насельніцтву. Ва ўсіх раёнах вобласці за кошт адзіных тарыфаў створаны роўныя ўмовы гаспадарання ў частцы плацяжоў за спажываную ваду і скідаемыя сцёкі, адзначыў генеральны дырэктар.

Нягледзячы на прыёмку аб'ектаў ВКХ на свой баланс не ў самым лепшым стане і ўвод у эксплуатацыю новых, назіраецца штогадовая станоўчая тэндэнцыя ў зніжэнні ўдзельных норм расходу электраэнергіі на пад'ём і падачу вады, на прыём, перапампоўку і ачыстку сцёкавых вод.

За пяць гадоў працы зэканомлена парадку 16 млн руб. затрат на аказанне паслуг насельніцтву, з іх 4,2 млн руб. у мінулым годзе, што забяспечыла выкананне даведзеных заданняў.

Выдаткі насельніцтва Віцебшчыны на паслугі водазабеспячэння склаліся ў памеры 1,2996 руб./м куб., каналізацыі – 0,9919 руб./м куб., што забяспечыла выкананне нарматыўнага ўзроўню выдаткаў па камунальных паслугах.

Сёння забяспечанасць спажыўцоў Віцебшчыны вадой нарматыўнай якасці складае 98,9 %, цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння ахоплены 95 %, водаадвядзеннем – 77,3 %.

У межах рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Чыстая вада» пабудавана 165 станцый абезжалезвання, да цэнтральных сетак водазабеспячэння з вадой нарматыўнай якасці падключана больш за 30 населеных пунктаў вобласці, паведаміў Аляксей Хвалько. Акрамя таго, там, дзе было нерэнтабельна ўзводзіць такія аб'екты, практыкуецца ўстаноўка міні-станцый абезжалезвання вады на існуючых артэзіянскіх свідравінах. Яны з'явіліся ў 54 населеных пунктах вобласці. У бягучым годзе ў малых вёсках плануецца ўсталяваць 53 міні-станцыі.

На адным такім аб'екце ў н. п. Дабрэйка Віцебскага раёна пабывалі ўдзельнікі семінара-нарады. Міні-станцыя абезжалезвання тут забяспечвае якаснай вадой каля 200 дамоў.

Стаіць задача да 2025 года забяспечыць 100 % насельніцтва вобласці вадой нарматыўнай якасці.

Для ўдзельнікаў семінара было цікава азнаёміцца з досведам выкарыстання глеістых ападкаў у якасці угнаенняў. У нашым рэгіёне іх назапасілася больш за 1 млн т. Да нядаўняга часу ніхто не ведаў, што з імі рабіць і як утылізаваць. На ачысных збудаваннях «Віцебскводаканала» штогод утвараецца каля 30 тыс. т ападку сцёкавых вод. Адходы складаюцца ў Віцебскім раёне на 54-гектарнай плошчы, падзеленай на 32 карты. Работнікі прадпрыемства разам з навукоўцамі прапанавалі выкарыстоўваць спецыфічныя адходы ў якасці угнаенняў. Праведзена вялікая праца ў гэтым напрамку, улічаны экалагічныя, санітарныя і іншыя нормы, каб угнаенні былі бяспечныя для выкарыстання, а адходы на пляцоўцы не забруджвалі навакольнае асяроддзе.

«Віцебскаблводаканал» абраў добры шлях у працы з глеем, падкрэсліў міністр ЖКГ Андрэй Хмель. Асноўная задача – ацаніць эфектыўнасць, гэта ўсё тая ж эканоміка. З такімі адходамі яшчэ працуе Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод. І таксама нядрэнна. Але трэба параўноўваць, што танней, што эканамічна больш выгадна, адзначыў ён.

"Віцебскія весці"