У Віцебску абмеркавалі пытанні фінансавання падрыхтоўкі Талачына да «Дажынак-2015»

В Витебске обсудили вопросы финансирования подготовки Толочина к «Дажынкам-2015»

Да пачатку ўшанавання лідараў сёлетняга ўраджаю «Дажынкі-2015» у Талачыне засталося крыху больш за месяц. Пытанні фінансавання падрыхтоўкі гэтых населеных пунктаў да традыцыйных урачыстых мерапрыемстваў былі ў цэнтры ўвагі дэпутатаў абласнога Савета на пазачарговай сесіі, якая прайшла 14 жніўня.

У 2016-м абласное свята працаўнікоў вёскі пройдзе ў Сенне. І калі па гэтым населеным пункце праграма падрыхтоўчых мерапрыемстваў яшчэ толькі пачынае распрацоўвацца, то ў Талачыне асноўныя работы павінны быць завершаны да 1 верасня, каб было час для шліфоўкі гарадской прасторы да прыёму гасцей да пачатку ўрачыстасцей 25 верасня. Па словах старшыні аблсавета Аляксандра Ацясава, які ўзначальвае абласны штаб па падрыхтоўцы свята, горад пераўтвараецца і будзе выглядаць годна. Пры гэтым вельмі няпроста вырашаюцца пытанні фінансавання, тым больш што па ходзе падрыхтоўчых работ узнікаюць дадатковыя напрамкі прыкладання сіл, а значыць, і праблемы іх фінансавага забеспячэння. Гэта адбываецца на фоне вельмі складаных умоў фарміравання даходнай часткі бюджэту Віцебшчыны. Таму даводзіцца аператыўна вырашаць інвестыцыйныя галаваломкі, каб падтрымаць рэалізацыю важных праектаў.

Вось і на пазачарговай сесіі дэпутаты зацвердзілі ўдакладненні бюджэту вобласці, каб дадаткова прафінансаваць работы па падрыхтоўцы аб'ектаў інфраструктуры (вулічна-дарожнай сеткі, уключаючы цэнтральную плошчу) да святочных мерапрыемстваў на агульную суму 2,6 млрд рублёў са сродкаў, прадугледжаных на патрэбы сістэмы ЖКГ. Яшчэ 180 млн рублёў з бюджэтных выдаткаў на фізкультуру і спорт перанакіраваны на рамонт фізкультурна-спартыўнай залы ў Талачыне. Дарэчы, за кошт спонсарскіх сродкаў (гаворка ідзе пра суму каля 1 млрд рублёў) удалося вырашыць пытанне набыцця гульнявых збудаванняў і абсталявання дзіцячых дваровых пляцовак у раёнах жылой забудовы райцэнтра.

Дэпутаты таксама падтрымалі карэкціроўку абласной інвестыцыйнай праграмы, якая дапоўнена двума аб'ектамі водазабеспячэння ў Сенне (водазабеспячэнне квартала індывідуальнай забудовы і будаўніцтва водаправода ў цэнтральнай частцы населенага пункта). Фінансаванне работ будзе весціся ў межах выдзеленых на інвестпраграму сродкаў, пры гэтым з абласнога і раённага бюджэтаў прадугледжваецца накіраваць на гэтыя мэты па 1 млрд рублёў адпаведна.

– Гэты аб'ект можна разглядаць ужо ў кантэксце падрыхтоўкі горада да «Дажынак» будучага года, тым больш што праблема з водазабеспячэннем там існуе больш пяці гадоў, і трэба яе вырашаць, – адзначыў Аляксандр Ацясаў.

Яшчэ адно ўдакладненне бюджэту, зацверджанае дэпутатамі, звязана з неабходнасцю фінансавай падтрымкі арганізацый АПК у частцы забеспячэння іх палівам для завяршэння ўборачнай кампаніі. На гэтыя мэты вышукана дадаткова звыш 100 млрд руб за кошт спонсарскіх сродкаў ААТ «Нафтан» і пераразмеркавання датацый з рэспубліканскага бюджэту.

Сяргей Антонаў, "Віцебскія весці".

 

Матэрыялы па тэме:

Да «Дажынак-2015» у Талачыне пераўтворацца аб'екты сацыяльнай, гандлёвай, прамысловай сферы

Талачын завершыць падрыхтоўку да абласных "Дажынак" праз два тыдні

Плац-канцэрт духавых аркестраў і барабаншчыц адкрые абласныя "Дажынкі-2015" у Талачыне

Цэнтр культуры адкрыецца ў Талачыне да абласных "Дажынак"