У Віцебску абмеркавалі пытанні размеркавання сродкаў, дадаткова паступіўшых у бюджэт вобласці

В Витебске обсудили вопросы распределения средств дополнительно поступивших в бюджет области
"Тэхнічныя, але важныя пытанні", - менавіта такое вызначэнне даў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідзік парадку дня пазачарговай сесіі аблсавета. У цэнтры ўвагі было размеркаванне сродкаў, якія дадаткова паступілі ў бюджэт.

– На абмеркаванне дэпутатаў вынесены бягучыя пытанні, накіраваныя на паляпшэнне збалансаванасці абласнога бюджэту. Рэальны сектар эканомікі дазваляе нам павялічыць яго даходную частку на суму звыш 30 млн рублёў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на патрэбы розных сфер: жыллёва-камунальнай гаспадаркі, грамадскага транспарту, адукацыі, аховы здароўя, рэалізацыю праектаў. Паспяховае напаўненне бюджэту дазваляе таксама пашырыць інвестыцыйную праграму, аказаць падтрымку аграпрамысловаму комплексу. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы яшчэ актыўна працуюць – прыбіраюць кукурузу, сеюць азімыя, закладваюць падмурак пад ураджай наступнага года, – адзначыў Дзмітрый Дзямідзік.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса ўдзяліў увагу і грамадзянскім ініцыятывам, для рэалізацыі якіх неабходна прыняць шэраг тэхнічных рашэнняў. Важна, каб накіраваныя сродкі былі асвоены. У гэтым годзе яны склалі 300 тыс. рублёў, у наступным плануецца вылучыць больш. Дзмітрый Дзямідзік параіў грамадзянам, грамадскім аб'яднанням ужо ініцыяваць свае прапановы. Чым раней яны будуць сфарміраваны, тым якасней адпрацаваны, тым больш будзе шанцаў атрымаць субсідаванне ў наступным годзе.

Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Яўген Карасцік назваў асноўныя крыніцы, за кошт якіх павялічыліся паступленні ў бюджэт. Гэта падаходны падатак, які прырастае за кошт павышэння заработнай платы, падатак на прыбытак, які сведчыць аб прыбытковай працы прадпрыемстваў, і падатак на дададзеную вартасць.

– У першую чаргу дадатковыя сродкі будуць накіраваны на субсідаванне сельгасвытворцаў, меліярацыйныя работы, кампенсацыю працэнтаў у банках і іншыя выдаткі ў аграпрамысловым комплексе, ЖКГ і транспартнай сферы, – растлумачыў Яўген Карасцік.

Дэпутаты прагаласавалі таксама за выдзяленне дадатковых сродкаў на рэканструкцыю Музея народнай славы ў Расонах, рамонт устаноў адукацыі, аховы здароўя і на іншыя патрэбы населеных пунктаў.

Перад пачаткам пасяджэння сесіі, якое праходзіла напярэдадні Дня настаўніка, Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў педагогаў, якія ўваходзяць у склад дэпутацкага корпуса, і ўручыў прадстаўнікам адукацыі і грамадскага аб'яднання «Белая Русь» ганаровыя граматы. Сярод узнагароджаных – рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская і метадыст, старшыня пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» гэтай жа ўстановы Юрый Шчука.

Фота Дзмітрыя АСІПОВА