У Віцебску абмеркавалі пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая падчас адкрыцця мерапрыемства адзначыла, што ў гэты раз калегія праходзіць у Віцебску – Маладзёжнай сталіцы Беларусі – 2022 і супала са святкаваннем 20-годдзя БРСМ.

– Саюз моладзі – кузня кадраў, тых людзей, якія задаюць тон і ў маладзёжным руху і ідэалагічнай рабоце, – сказала Марына Навіцкая. – Сёння ж на парадку дня рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Бешанковіцкім, Віцебскім, Лёзненскім, Талачынскім раёнах і Віцебску, а таксама выкананне паказчыкаў бізнес-планаў развіцця рэдакцыямі газет і прадпрыемствамі паліграфіі вобласці па выніках першага паўгоддзя 2022 года.
Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, прывітаўшы ўдзельнікаў калегіі, пажадаў плённай работы, цікавых зносін, добрых пытанняў і ёмістых адказаў.
Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Руслан Вінакураў расказаў, што сёння гэтая ўстанова адна з самых вялікіх у вобласці. Ён падкрэсліў, што з гэтага навучальнага года ў індустрыяльным каледжы быў набор на спецыяльнасць «Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі».
– Спецыфіка каледжа – сфера гандлю і грамадскага харчавання, а таксама развіццё біятэхналогій, – адзначыў Руслан Вінакураў. – З мэтай стварэння ўмоў працы, максімальна набліжаных да рэчаіснасці, мы стварылі прадпрыемства для вырабу і рэалізацыі ўласнай прадукцыі – «Кафэ 16». Нашы выпускнікі пасля заканчэння навучальнай установы дакладна разумеюць свае абавязкі і прафесію ў цэлым. Акрамя таго, яны прафесійна растуць. Сёлета нашы навучэнцы заваявалі больш за 60 медалёў на розных конкурсах. Для мяне, як кіраўніка, важна, што 27 з іх – на міжнародных конкурсах прафмайстэрства. Дарэчы, мы займаемся раннім прафарыентаваннем дзяцей (2-4 клас). У рабят, якія прыязджаюць да нас, столькі станоўчых эмоцый, што гэта складана апісаць словамі. Плюс да гэтага мы цесна працуем з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў. Сёння каледж аснашчаны сучасным абсталяваннем, таму нашы рабяты – добрыя спецыялісты.
У насычанай праграме калегіі – мітынг каля абеліска на месцы масавага знішчэння «5 полк, Шалаг №313».











– Памяць – гэта тое дарагое, што ёсць у кожнага з нас, – сказала Марына Навіцкая. – Цяпер кожны можа ўспомніць сваіх родных і блізкіх, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны, змагаючыся за мір на нашай зямлі, аддалі сілы, здароўе, жыцці. Праца вядзецца не толькі ў Год гістарычнай памяці, мы ведаем, што пакуль мы не пахаваем і не перапахаваем апошняга салдата, памяць будзе жывая. Сёння мы, мірныя людзі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, ганарымся, што маем права вучыцца, працаваць, жыць, радавацца поглядам нашых дзяцей. Няхай гэта мірнае неба будзе над намі заўсёды.
Памяць усіх загінулых у гады вайны ўшанавалі хвілінай маўчання. Затым да абеліска ўсклалі кветкі.
У гэты дзень ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі інфармацыйную таблічку з QR-кодам у рамках рэспубліканскага праекта «Захаваем гісторыю».
– Знаходзячыся на гэтым святым месцы, мы разумеем, наколькі беларуская зямля паліта крывёю нашых дзядоў і прадзедаў, – сказала старшыня абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Вольга Мацюсь. – Сёння наш абавязак – захаваць гісторыю, памятаць кожнага. Менавіта таму вясной гэтага года рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Патрыёты Беларусі» пры падтрымцы ФПБ пачало працу над маштабным праектам «Захаваем гісторыю». Галоўная яго мэта – захаваць гістарычную праўду і дастукацца да як мага большай колькасці сэрцаў. Мы размесцім каля ўсіх памятных месцаў на тэрыторыі Беларусі інфармацыйныя стэнды з QR-кодамі, з дапамогай якіх анлайн можна праслухаць аўдыёзапіс з гісторыяй дадзенага месца і прачытаць падрабязнасці.






У межах выязной калегіі яе ўдзельнікі наведалі прыватную машынабудаўнічую кампанію «Віцебскія пад'ёмнікі», дзе разгледзелі пытанне аб сацыяльнай абароне моладзі. А таксама ПРУП «Віцебскаблгаз» і абмеркавалі выкарыстанне сродкаў масавай камунікацыі для інфармацыйна-тлумачальнай працы з моладдзю, арганізацыю працы з перспектыўным кадравым рэзервам.
Затым адбудзецца пленарнае пасяджэнне, дзе паднімуць шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку рэалізацыю моладзевай палітыкі ў рэгіёне, узаемадзеянне раённых камітэтаў БРСМ з мясцовымі органамі ўлады і іншыя.