У Віцебску абмеркавалі выкананне інвестпраграмы вобласці ў 2023 годзе

В Витебске обсудили выполнение инвестпрограммы области в 2023 году
На прэзідыуме абласнога Савета дэпутатаў разгледжана пытанне аб выкананні інвестпраграмы Віцебскай вобласці ў 2023 годзе.

 Асноўная задача, як падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, – прааналізаваць ход выканання інвестпраграмы і як выконваюцца рашэнні абласнога Савета дэпутатаў.

У якасці станоўчага Уладзімір Цярэнтаў прывёў будаўніцтва дзіцячага садка ў Міёрах, які ўзвёўся якасна і ў тэрмін. Задача дэпутатаў як раз і заключаецца ў тым, каб нацэліць будаўнічую галіну на выкананне інвестыцыйнай праграмы на 2024 год, падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Інвестыцыйная праграма 2023 года ўключала 325 аб'ектаў на суму 256 млн руб. Гэта аб'екты інжынернай інфраструктуры, маставыя збудаванні, жыллё, аб'екты меліярацыйнай сістэмы, сельскай гаспадаркі, сацыяльныя, такія, як Полацкае кадэцкае вучылішча, дзіцячы сад у Міёрах, інтэрнат для медыцынскіх работнікаў у Дубровне і інш.

Усё ўдалося зрабіць?

– Заўсёды плануем зрабіць крыху больш, чым можам. Можа, нешта не паспелі, таму завершым пачатае і рэалізуем запланаванае, – падкрэсліў начальнік камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Юрый Выжыкоўскі.

Варта адзначыць, што з усяго пераліку аб'ектаў толькі 50 датычыліся водазабеспячэння і водаадвядзення. Генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько падкрэсліў, што ўведзены ў строй 28 станцый абезжалезвання ў сельскіх населеных пунктах, дзякуючы чаму каля 6 тысяч грамадзян атрымалі доступ да якаснай пітной вады. Вядзецца праца па перападлучэнні населеных пунктаў (у 2023-м такіх чатыры) да суседніх, дзе ёсць вада нарматыўнай якасці. Дзякуючы гэтаму выйшлі на паказчык 99,4 % забяспечанасці насельніцтва якаснай пітной вадой, якая маецца ў цэнтралізаванай сістэме водазабеспячэння ў вёсках і пасёлкам. Усе выдзеленыя сродкі інвестыцыйнай праграмы асвоены.