У Віцебску амалоджваюць арганізм пры дапамозе лячэбнай барокамеры

В Витебске омолаживают организм при помощи лечебной барокамеры

Баратэрапія знаходзіць усё больш шырокае прымяненне ў лячэнні самых розных захворванняў.

Загадчыца аддзялення гіпабарычнай тэрапіі і баракліматычнай адаптацыі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы №1, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры медыцынскай рэабілітацыі ВДМУ Ала Мікалаева пра свой метад лячэння можа гаварыць гадзінамі. Вакуумная ўстаноўка «Урал-Антарэс» з’явілася тут у 1998 годзе і з таго часу спраўна служыць людзям. Аналагі на прасторах былога СССР ёсць яшчэ два — у падмаскоўнай Балашысе і ў Арэнбургу. Важыць барокамера (дарэчы, гэта выраб савецкага ваенпрама) ажно 16 тон, таму зносу ёй няма. Галоўнае — падтрымліваць у працаздольным стане вакуумныя помпы ўстаноўкі, чым і займаюцца дасведчаныя інжынеры і тэхнікі з ліку былых авіятараў. Плыўны «узлёт» на вышыню 3,5 кіламетра (а гэта сярэдзіна Эльбруса) і не менш камфортную «пасадку» яны забяспечваюць спраўна, таму тыя, хто знаходзіцца ўнутры барокамеры, максімум 15 чалавек, не адчуваюць нічога асаблівага, акрамя, можа, закладання вушэй, як гэта бывае пры палёце на самалёце. Працэдура доўжыцца паўтары гадзіны, курс лячэння — 20 сеансаў, не часцей, чым раз на паўгода. Пацыенты ў камфортных крэслах гэтага «самалёта», які ніколі не адрываўся ад зямлі, могуць чытаць, глядзець тэлевізар, слухаць музыку, нават паспаць, расслабіўшыся і наладзіўшыся на вылячэнне.

Ала Генадзьеўна, а яна і кандыдацкую дысертацыю абараніла па тэме выкарыстання баратэрапіі ў лячэнні дысфункцыі жоўцевыводзячых шляхоў, тлумачыць асновы метаду:

— Калі мы паднімаемся ў горы, кіслароду ў паветры становіцца менш, арганізм вымушаны працаваць ва ўмовах гіпаксіі па-іншаму. Тады выклікаюцца ўсе адаптацыйныя магчымасці чалавека. Арганізм у перыяд абвастрэння змагаецца з хваробай. Сам, без сінтэтычных лекаў з іх непазбежнымі пабочнымі эфектамі. А калі ёсць абвастрэнне, значыць, будзе выздараўленне.

Паказанняў да прымянення гэтага метаду сёння мноства. Пачыналі калісьці з лячэння бранхалёгачных паталогій, астмы. Цяпер у пераліку артэрыяльная гіпертэнзія, уся прагрэсуючая алерголагічная паталогія, такія скурныя захворванні, як псарыяз і нейрадэрміты. Дэпрэсіўныя станы, нервовыя тыкі, аблітэруючы атеросклероз сасудаў ніжніх канечнасцей — гэта таксама наш профіль. У апошнія гады шырока сталі ўжываць баратерапію для лячэння дзяцей, прычым знізілі ўзроставы цэнз з 3 гадоў да 6 месяцаў. Гэта і часта хворыя малышы з паніжаным імунітэтам, і нават з дзіцячым цэрэбральным паралічам, каб здымаць спастычную напружанасць усяго арганізма. Абструктыўных сіндромаў становіцца ўсё больш, таму ўрачы разам з навукоўцамі медыкамі шукаюць новыя падыходы ў лячэнні. У гінекалогіі баракамера ўжываецца ў перыяд постменопаўзы жанчын, а таксама пры лячэнні бясплоддзя для стабілізацыі гарманальнага фону. Апошняе веянне ў баратерапіі — выкарыстанне яе для амаладжэння арганізма.

На дагаворных умовах з дыспансерам спартыўнай медыцыны тут умацоўваюць сваю цягавітасць і стабілізуюць псіхіку спартсмены — каб, напрыклад, у стралка рука на старце не дрыжала. Для іх у залежнасці ад мэты распрацавана шэсць праграм. І пералік магчымасцей пастаянна папаўняецца.

Галоўнае, што проціпаказанняў тут сушчы мінімум. Не падыходзіць баратерапія тым, хто баіцца замкнёнай прасторы (хоць металічны кокан камеры забяспечаны акенцамі), хто перанёс траўму барабаннай перапонкі, пакутуе ацёкамі ног, знаходзіцца ў пажылым узросце. Гэтым катэгорыям, людзям старэйшыя за 60 гадоў гасцінныя гаспадыні аддзялення Ала Мікалаеўна і старэйшая медыцынская сястра Тамара Далжэнка прапануюць атрымаць амаль той жа эфект па-за камерай — праз апарат «Горнае паветра».

Вядома, нельга казаць, што гэта панацэя ад усіх хвароб і тут ледзь не кожны дзень здараюцца цудоўныя вылячэнні. Але тыя, хто паспрабаваў баратэрапію, адчуваюць паляпшэнне здароўя, не адкідваючы комплексную тэрапію. Нават медыкаментознае лячэнне разам з сеансамі ў камеры дае іншыя вынікі. Эфект час ад часу трэба падтрымліваць. Многія пацыенты, толькі скончыўшы курс, адразу запісваюцца на наступны. Педыятры, прааналізаваўшы бальнічныя лісты раней часта хворых пацыентаў, пасля баратэрапіі канстатуюць істотны прагрэс.

Наяўнасць такога унікальнага паліклінічнага метаду лячэння дазваляе бальніцы №1 тэрапеўтычнага профілю (на вуліцы Камуністычнай) быць адметнай ад іншых і, наколькі гэта магчыма, зарабляць пазабюджэтныя сродкі. Бясплатна баратэрапію тут праходзяць дзеці да 3 гадоў, з дзіцячым цэрэбральным паралічам, людзі, якія пакутуюць на бранхіяльную астму і маюць жалезадэфіцытную анемію. Бывае, як адзначыў галоўны ўрач клінікі Дзмітрый Казлоўскі, прыязджаюць нават з іншых рэгіёнаў, накіраванні выдае РНПЦ «Маці і дзіця». Гэта адзінае ў рэспубліцы аддзяленне з такімі магчымасцямі, дзе самі, сумесна з медуніверсітэтам, распрацоўвалі пратаколы лячэння і паспяхова ім кіруюцца.

Вера Мурашкіна. Фота Алега Клімовіча. «Віцьбічы».