У Віцебску вызначылі пераможцаў абласнога рэйтынгу па праграмаванні
Спаборніцтва праводзілася на базе абласнога палаца дзяцей і моладзі. Як патлумачыла метадыст аддзела тэхнічнай творчасці Таццяна Шапавалава, каб прайсці ў фінал, навучэнцам патрабавалася паспяхова пераадолець два папярэднія этапы рэйтынгу, трапіўшы ў лік пераможцаў і прызёраў. У агульнай складанасці свае ўменні і навыкі прадэманстравалі ў некалькіх намінацыях больш за сто юных праграмістаў ва ўзросце ад 8 да 17 гадоў. Але толькі 37 рабят атрымалі магчымасць пазмагацца за галоўныя ўзнагароды.
Удзельнікі з розных рэгіёнаў Віцебшчыны загадзя не ведалі, якое заданне іх чакае на заключным адрэзку інтэлектуальных спаборніцтваў. Фіналістам прапанавалі за некалькі гадзін распрацаваць віктарыну на тэму вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стварыць асноўны інтэрфейс гульні і прэзентаваць яе.
У намінацыі «Стварэнне праектаў з выкарыстаннем Web-тэхналогій» лідарамі ў сваіх узроставых катэгорыях сталі Мікіта Тофораў (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка), Глеб Желнеровскі ( СШ № 35 Віцебска), Віктар Іваноў (СШ № 44 Віцебска). «Распрацоўка праектаў з выкарыстаннем гульнявых рухавічкоў» прынесла першае месца Міхаілу Рыжкову (абласны палац дзяцей і моладзі). За «Стварэнне праектаў на мовах праграмавання высокага ўзроўню» дыпломы I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама атрымалі Арцём Сіняк (Кастрычніцкая СШ Віцебскага раёна ім. І. Собалева) і Аляксандр Іваноў (віцебская гімназія № 5 ім. І. Люднікава). А ў намінацыі «Праграмаванне на мове Scratch» першыя месцы занялі Глеб Талстоў (віцебская гімназія № 1 ім. Ж. Алфёрава), Яраслаў Губскі (СШ № 2 Полацка) і Анастасія Мышко (СШ № 8 Полацка).
У лік прызёраў, акрамя віцебскіх, полацкіх і наваполацкіх навучэнцаў, трапілі рабяты з Оршы, Докшыц, а таксама Глыбоцкага, Мёрскага, Бешанковіцкага раёнаў. Не выключана, што некаму спаборніцтва дапаможа вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Акрамя таго, мерапрыемства заклікана папулярызаваць і развіваць у нашай вобласці сетку аб'яднанняў па інтарэсах, звязаных з праграмаваннем.