У Віцебску, Воршы, Глыбокім і Наваполацку прайшоў абласны форум маладых спецыялістаў

В Витебске, Орше, Глубоком и Новополоцке прошел областной форум молодых специалистов
10 якасцей асобы, неабходных маладому спецыялісту для кар'ернага, прафесійнага росту, і столькі ж складнікаў для старту паспяховага бізнес-праекта сфармулявалі ўдзельнікі абласнога форуму маладых спецыялістаў у Глыбокім. Дыскутавалі, разважалі, слухалі довады старэйшых калег, будавалі планы на перспектыву.

Гасцінныя гаспадары, прапаноўваючы тэмы для канструктыўнага дыялогу, па ходзе прэзентавалі свой край, дасягненні апошніх гадоў, а таксама сучасныя тэхналогіі, умела апрабаваныя на Глыбоччыне. І адна з першых сенсацый: буранкі на адной з малочна-таварных ферм сельгаспрадпрыемства «Сельцы» прымерылі разумныя ашыйнікі з радыёмодулямі для дыстанцыйнага маніторынгу асноўных паказчыкаў іх здароўя.

Па словах першага намесніка старшыні Глыбоцкага райвыканкама — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзіміра Пашукевіча, аб паспяховасці пілотнага лічбавага праекта можна будзе з дакладнасцю сказаць праз год, але ўжо цяпер спецыялісты бачаць відавочны станоўчы эфект.

Ашыйнік аснашчаны ўбудаваным датчыкам і спецыяльным праграмным забеспячэннем. Супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства дыстанцыйна ў рэжыме рэальнага часу назіраюць за станам здароўя жывёл, у прыватнасці, могуць вызначыць аптымальны час эструсу ў кароў.

– Падобныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў многіх краінах свету. Лічбавізацыя сельскай гаспадаркі – крок у будучыню, – падкрэсліў Уладзімір Генадзьевіч. – Укараненне сучасных ведаў дазваляе працаўнікам вёскі павялічыць прадукцыйнасць працы, знізіць затраты, тым самым павысіць прыбытак. Сёння на сельгаспрадпрыемствах Глыбоцкага раёна працуе каля 1,9 тысячы чалавек. Пяць гадоў таму было на 900 больш. Упор робім на мадэрнізацыю вытворчасці. Усё зводзіцца да таго, што адзін чалавек можа выконваць большы аб'ём працы. У прыватнасці, зараз вядзецца рэканструкцыя фермы ў гаспадарцы «Канстанцінаў Двор».

На форуме ў Глыбокім прысутнічалі юнакі і дзяўчаты з шасці раёнаў, пераважна гэта былі спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў. Таму пра асаблівасці працы на рабатызаваных фермах, пра сацыяльны пакет, у тым ліку прадастаўленне жылля, варыянты вольнага часу ў сельскай мясцовасці хлопцы слухалі з цікавасцю.

Плаўна размова перайшла ў сферу культуры. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч расказала ўдзельнікам форуму пра ўнікальныя традыцыі азёрнага краю, гісторыка-культурную спадчыну, зрабіўшы асаблівы акцэнт на сямі аб'ектах, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

– Сустрэча маладых спецыялістаў на Глыбоччыне становіцца добрай традыцыяй, – адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка. – Менавіта тут тры гады таму і стартаваў форум, ён быў адным з першых у рэспубліцы. Гэта свайго роду пляцоўка добрых крэатыўных ідэй.

Сёлета фармат маладзёжнага мерапрыемства са зразумелых прычын быў зменены, але ад гэтага ён стаў яшчэ цікавейшым.

Форум з розніцай у некалькі дзён прайшоў у чатырох гарадах. У агульнай складанасці ў ім прыняло ўдзел звыш 120 юнакоў і дзяўчат, якія прадстаўляюць розныя сферы дзейнасці. У Глыбокім больш гаварылі пра сельскую гаспадарку, у Віцебску і Наваполацку – пра працу сацыяльнай сферы, у Оршы быў зроблены акцэнт на паспяховае развіццё прамысловасці.

Акрамя таго, у кожным з заяўленых рэгіёнаў мерапрыемствы таксама былі падзелены на тэматычныя пляцоўкі. У прыватнасці, у Глыбоцкім раёне адны рабяты паспелі наведаць СВУП «Мнюта», дзе прайшоў практыкум па асобасным і прафесійным развіцці маладых спецыялістаў у сучасных умовах. Другая група спецыялістаў, знаходзячыся ў аграсядзібе «У 4 дубах», асвойвала азы вядзення агратурызму і фермерства. Аб сваім вопыце ім распавядалі маладыя прадпрымальныя фермеры.

Дапамагаючы мадэратару першай пляцоўкі, малады спецыяліст з Пастаўскага раёна Кацярына Козел пералічыла 10 асноўных крокаў паспяховага старту бізнес-ідэі.

Прадпрымальным людзям патрэбны наступныя складнікі: добрая каманда, правільна пастаўленая мэта, пачатковы капітал, самаадукацыя, рэклама, любоў да абранай справы, пісьменны бізнес-план, інфармацыйнае забеспячэнне і харызма кіраўніка. Яшчэ адзін важны пункт – не баяцца рызыкаваць.

А Мікіта Ядрэўскі з сельгаспрадпрыемства «Чарневічы» Глыбоцкага раёна пералічыў 10 галоўных асобасных якасцей, без якіх складана стаць прафесіяналам.

На думку ўдзельнікаў форуму, самае важнае – быць упэўненым у сабе, мэтанакіраваным, ініцыятыўным, камунікабельным, адказным, сумленным, пунктуальным і акуратным, умець працаваць у камандзе, хутка адаптавацца і клапаціцца пра сваё здароўе.

"Віцебскія весці".