У Віцебску асуджана хуліганка, якая без прычыны збіла міначку
У Віцебску адбыўся суд над хуліганкай, якая без прычыны збіла на вуліцы жанчыну, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА памочнік пракурора Віцебска Яўгенія Пруднікава.
Інцыдэнт адбыўся ў канцы лютага гэтага года. Віцяблянка 1989 года нараджэння, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, без прычыны накінулася з абразамі і кулакамі на жанчыну, якая праходзіла па вуліцы Кірава.
"Яна наносіла ўдары пацярпелай пакетам з прадуктамі, у якім таксама знаходзілася бутэлька гарэлкі. Калі пакет парваўся, а бутэлька разбілася, абвінавачваная працягнула збіццё рукамі і нагамі, выштурхнуўшы жанчыну на праезную частку. На шчасце, футра пацярпелай абараніла яе ад моцных пашкоджанняў. Да таго ж умяшаліся ахоўнік суседняй крамы і мінак", - патлумачыла Яўгенія Пруднікава.
Да здарэння абвінавачваная зайшла наведаць сваю бабулю і яе сужыцеля. Яны ляжачыя хворыя і знаходзяцца ў яе пад апекай. Прыгатаваўшы ежу і прыбраўшыся, яна знайшла ў кватэры бутэльку гарэлкі і распіла яе. Потым пайшла ў краму.
Там у яе адбыўся канфлікт з адной з пакупніц. Абвінавачваная пагражала ёй расправай на вуліцы. Але, відаць, не дачакалася яе і накінулася на іншую жанчыну.
З хуліганкі ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах. Але пазней яна і збітая жанчына выпадкова сустрэліся ў краме. Пагрозы з боку першай прымусілі другую баяцца. Тады абвінавачваную змясцілі ў СІЗА. Тут яна неўзабаве выйшла замуж.
Гэта акалічнасць, наяўнасць састарэлых падапечных, выбачэнні, прынесеныя абвінавачванай у судзе, а таксама пагашаны ў поўным аб'ёме пазоў аб прычыненні маральнай шкоды, заяўлены пацярпелай, і змякчэнне пазіцыі ахвяры паўплывалі на рашэнне суда.
Ён паверыў у магчымасць выпраўлення хуліганкі, нягледзячы на адмоўную характарыстыку асобы, і прыгаварыў яе да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ёй таксама прызначана прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
"Гэтая справа – класічны прыклад таго, як злоўжыванне спіртным, незанятасць грамадска карыснай працай, асацыяльны лад жыцця прыводзяць да здзяйснення злачынстваў. Ці зможа гэтая жанчына выключыць са свайго жыцця гэтыя прычыны і ўмовы парушэння закона – пакажа час. За ёй будзе ажыццяўляцца пільны кантроль з боку крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС па месцы жыхарства і ўчастковым інспектарам. Калі яна парушыць парадак і ўмовы адбыцця пакарання, то наступнай мерай стане пазбаўленне волі", - заключыла Яўгенія Пруднікава.
Кацярына Князева