У Віцебску адкрыецца тэматычная выстава да 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі 9 красавіка адкрыецца выстава "І на Марсе будуць яблыні квітнець", прысвечаная 60-годдзю першага палёту чалавека ў космас, паведамілі ва ўстанове культуры.

Як вядома, 12 красавіка 1961 года савецкі лётчык-касманаўт Юрый Гагарын здзейсніў першы ў гісторыі чалавецтва палёт у космас. Гэтая дата стала адзначацца як Дзень касманаўтыкі. Назва віцебскай выставы выбрана не выпадкова - гэта радок з песні, напісанай кампазітарам Вано Мурадэлі на вершы паэта Яўгена Далматоўскага для кінафільма "Мары насустрач" (1963). З часам радок стаў фразай-сімвалам першых рамантычных гадоў савецкай касманаўтыкі.

У аснову выставы пакладзена прыватная калекцыя намесніка дырэктара па навуковай рабоце абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава і прадметы з фондаў установы. "Для выставы адабраны плакаты і серыі паштовак 1970-80-х гадоў, прысвечаныя тэме асваення космасу. Падборка газет "Праўда", "Известия", "Комсомольская правда" асвятляе асноўныя вехі ў асваенні космасу з 1961 па 1977 год. Калекцыя фатаграфій адлюстроўвае падзеі, звязаныя з наведваннем Віцебска вядомымі касманаўтамі Валянцінай Церашковай і Пятром Клімуком. Дапаўненнем выставы сталі кнігі і часопісы, прысвечаныя асваенню космасу", - адзначылі ў музеі. На выставе прадстаўлена больш за 100 прадметаў па гісторыі асваення космасу.

Асаблівую цікавасць уяўляюць пісьмо Юрыя Гагарына жыхарам Віцебска 30 кастрычніка 1962 года і комплекс матэрыялаў, перададзеных у фонды музея ў 2019 годзе бацькамі лётчыка-касманаўта беларускага паходжання Алега Арцем'ева. Унікальнымі прадметамі з'яўляюцца сцягі Віцебска і Віцебскай вобласці з аўтографам Алега Арцем'ева, якія пабывалі ў космасе. За ўвесь час асваення касмічнай прасторы чалавекам у космасе пабывалі чатыры беларусы: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Новіцкі і Алег Арцем'еў.

Выстава будзе працаваць да 7 мая.

БЕЛТА.