У Віцебску адкрыецца выстава «Дзіўнае Дзівеева»

У храме Перамянення Гасподня г.Віцебска ( вул.Крылова, 9) з 10 мая адкрываецца выстава «Дзіўнае Дзівеева», якая раскажа пра мінулае і сучаснасць Серафіма-Дзівееўскага манастыра (Ніжагародская вобласць, Расія).

Гісторыя манаскай абіцелі пачыналася ў 1760 годзе, калі на шляху з Кіева ў Сароў удава палкоўніка Мельгунова Агаф'я Сямёнаўна спынілася адпачыць каля царквы ў сяле Дзівеева. Тут у сне ёй з'явілася Прасвятая Багародзіца, якая загадала ёй назаўжды застацца ў Дзівееве, пабудаваць новую каменную царкву і заснаваць жаночую грамаду. 

Да пачатку XX стагоддзя Серафіма-Дзівееўскі манастыр становіцца найбуйнейшым у Расіі жаночым манастыром. Але ў 1927 годзе абіцель зачынілі. Яе адраджэнне пачалося з 1988 года.

Выстава пазнаёміць наведвальнікаў з фотаздымкамі, дакументамі і сапраўднымі рэчамі, звязанымі з прападобным Серафімам Сароўскім. Галоўная святыня выставы – абраз з часціцай мошчаў і чаравік прп. Серафіма Сароўскага.

Штодня а 17.00 у храме Перамянення Гасподня будзе здзяйсняцца малебен прападобнаму Серафіму Сароўскаму.