У Віцебску адкрылася новая дыягнастычная станцыя тэхагляду
У абласным цэнтры адкрылася новая дыягнастычная станцыя №231 ТАА «Тэхнотэкс» па правядзенні дзяржтэхагляду. Гэта 11-ы падобны аб'ект у паўночнай сталіцы і 34-ы на Віцебшчыне, які дае зялёнае святло на ўдзел транспарту ў дарожным руху.
Выказваючы падзяку ТАА «Тэхнотэкс» за навагодні падарунак паўночнай сталіцы, намеснік старшыні гарвыканкама Зінаіда Каралёва, якая прыняла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, падкрэсліла, што станцыя пабудавана ў рамках Дэкрэта №10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» з дзяржаўнай падтрымкай інвестара. Галоўнай прэферэнцыяй, якую ён атрымаў, стаў зямельны ўчастак без аўкцыённых таргоў.
— Прадастаўленыя дзяржавай льготы апраўданы, — дала ацэнку Зінаіда Аляксандраўна. — Капітал павінен працаваць, так хай у новага аб'екта заўсёды будзе высокая рэнтабельнасць.
Неабходнасць у дыягнастычнай станцыі, на думку дырэктара ТАА «Тэхнотэкс» Андрэя Цвячкоўскага, абумоўлена высокім узроўнем аўтамабілізацыі. Коркі на галоўных гарадскіх артэрыях у гадзіну пік, перапоўненыя паркоўкі ў дварах, чэргі на СТА — усё гэта следства імклівага росту колькасці машын. З павелічэннем аўтапарка з'яўляецца і патрэба ў дадатковых паслугах, а таксама ў абавязковых працэдурах, сярод якіх — дзяржтэхагляд. На новай станцыі адсочваюць працэс праходжання такога мерапрыемства чатыры інжынера-дыягноста на чале з начальнікам станцыі.
Характэрна, што новы аб'ект — першы на Віцебшчыне, які арыентаваны на праходжанне тэхагляду з двума лініямі дыягностыкі. Ён абсталяваны па апошнім слове тэхнікі: сучаснае італьянскае і расійскае абсталяванне, сістэмы пажарнай сігналізацыі, ацяплення, вентыляцыі, аўдыёзапісу і відэаназірання.
— Сучаснае надзейнае абсталяванне дазволіць значна павялічыць прапускную здольнасць транспартных сродкаў і паскорыць працэс праходжання дзяржтэхагляду ў цэлым, — адзначыў начальнік аддзела АГТА УП «Белцехагляд» у Віцебскай вобласці Вільгельм Кішкоўскі. — Гэта з'яўляецца гарантам бяспекі як саміх кіроўцаў, так і іншых удзельнікаў дарожнага руху.
Вольга Булаўка. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».