У Віцебску адкрылася "Калядная музычная акадэмія"
Чацвёрты раз абласная філармонія запрашае юных таленавітых музыкантаў прайсці навучанне ў "Каляднай музычнай акадэміі", якая сёлета будзе працаваць з 28 студзеня па 2 лютага.
Гэты канцэртна-адукацыйны праект дае магчымасць не толькі атрымаць кваліфікаваныя ўрокі і кансультацыі ў вядомых музыкантаў і педагогаў, але і пазнаёміць шырокую публіку з шэдэўрамі сусветнай класікі і музыкай сучаснікаў у выкананні гасцей і маладых талентаў.
Традыцыйна ў дзень адкрыцця "Акадэміі" адбылася прэзентацыя выставы навучэнцаў дзіцячай мастацкай школы Віцебска пад назвай "Сімфонія колеру". Юныя мастакі прадставілі сваё жывапіснае бачанне музыкі. Першым жа урокам стаў майстар-клас па фартэпіяна, які даў выкладчык Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага Яўген Старадубцаў. А ўвечары 28 студзеня на філарманічнай сцэне адбылося ўрачыстае адкрыццё "Каляднай музычнай акадэміі". У канцэрце прынялі ўдзел студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі класа загадчыка кафедры спецыяльнага фартэпіяна, дацэнта, лаўрэата міжнародных конкурсаў Уладзіміра Дулава. Яны сыгралі музыку Шумана, Брамса і Скрабіна.
29 студзеня запланавана выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў Яўгена Старадубцава. Гэты піяніст заваяваў многія сцэны свету, выступаў з лепшымі сімфанічнымі аркестрамі. У Віцебску ў яго выкананні прагучаць творы Шапэна, Шыманоўскага, Ліста, Стравінскага.
Завершыцца "Акадэмія" 31 студзеня гала-канцэртам удзельнікаў праекта і студэнта Маскоўскай кансерваторыі, пераможцы Дэлькійскіх гульняў Андрэя Іванова. Андрэй – выхаванец Віцебскай дзіцячай музычнай школы №4 (клас выкладчыкаў Е. Скачковай і А. Кудраўцавай), стыпендыят спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Своеасаблівым постскрыптумам афіцыйнай "акадэмічнай" праграмы ў філармоніі стане выступленне 2 лютага вядомага калектыву Санкт-Пецярбургскай філармоніі імя Д. Шастаковіча Маладзёжнага трыа ў складзе Алесі Марозавай (фартэпіяна), Яна Тамілова (скрыпка) і Рамана Кісялёва (віяланчэль).
У выкананні музыкантаў упершыню ў Віцебску будзе гучаць вядомы квартэт Густава Малера. Для выканання гэтага твора разам з трыа выступіць заслужаны артыст Расіі Данііл Мееровіч (альт), творчасць якога добра вядома віцяблянам. Музыкант грае ў квартэце імя І. Стравінскага, які не раз прымаў удзел у фестывалі імя І. Солерцінскага). Акрамя твора Малера на канцэрце прагучаць п'есы Гайдна, Брамса і Рахманінава.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"