У Віцебску адкрылася выстава пра Героя працоўнага Чырвонага Сцяга М.Чуманіхіну

29 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова сёння адкрылася выстаўка з цыкла "Ганаровыя грамадзяне горада Віцебска - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны", прысвечаная Герою Сацыялістычнай Працы Марыі Чуманіхінай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар музея Ірына Шышкова. Экспазіцыя ўключыла асабістыя дакументы і рэчы Марыі Якаўлеўны, вялікую колькасць фатаграфій. Значная частка матэрыялаў прысвечана яе дзейнасці ў ААТ "Даламіт", якое яна ўзначальвала 15 гадоў. За час сваёй працы Марыя Чуманіхіна ўнесла важкі ўклад не толькі ў росквіт гэтага прадпрыемства, але і ў развіццё пасёлка Руба. Дзякуючы яе ініцыятыўнасці тут з'явіліся два дзіцячыя сады, Палац культуры, актыўна ўзводзілася жыллё для работнікаў. Тыя, хто ведаў гэту жанчыну, адзначаюць яе як яркую, дзіўную асобу. За свой уклад у развіццё горада, шырокую грамадскую дзейнасць 4 мая 1995 года Марыі Чуманіхінай прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Віцебска. Азнаёміцца з выстаўкай, падрыхтаванай спецыяльна да Першамайскага свята, можна да 10 мая. Праект "Ганаровыя грамадзяне горада Віцебска - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны", які стартаваў у мінулым годзе, быў прымеркаваны да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На працягу пяці гадоў музей Міная Шмырова штогод плануе адкрываць некалькі выставак, прысвечаных 34 ветэранам-жыхарам абласнога цэнтра, якія сваёй працай заслужылі грамадскае прызнанне і званне Ганаровага грамадзяніна горада. У гэтым годзе ў рамках праекта віцяблянам таксама будуць прэзентаваны экспазіцыі аб Міхаіле Цітове, Сяргеі Шабашове, Мікалаі Зайцаве і Мінае Шмырове. Апошняя адкрыецца ў снежні да 120-годдзя з дня нараджэння легендарнага партызанскага камбрыга. Сярод іншых значных мерапрыемстваў, прысвечаных Святу працы, сёння адбудзецца адкрыццё дошак гонару Віцебскай вобласці і Віцебска. У будынку абласной філармоніі пройдзе ўрачысты сход у гонар свята. Насычаная культурная праграма падрыхтавана для жыхароў і гасцей абласнога цэнтра ў комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі. Святочныя мерапрыемствы запланаваны таксама ў раёнах вобласці.-0-