У Віцебску адкрылася выстава пра малавядомыя факты жыцця Шагала ў Нью-Ёрку
Віцебск рыхтуецца да святкавання 100-годдзя з дня вяселля Марка Шагала і Бэлы Розенфельд. Першае мерапрыемства - выстава, прысвечаная малавывучанаму перыяду жыцця пары ў Нью-Ёрку. Яна праходзіць у "Арт-прасторы на Талстога, 7" Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва (ВЦСМ).
Біяграфіі вядомага мастака прысвечана нямала прац, але адносна перыяду жыцця Марка Шагала і Бэлы ў Нью-Ёрку ёсць толькі разрозненыя факты, растлумачыў дырэктар ВЦСМ Андрэй Духоўнікаў.
Зібраць іх разам паспрабавала мастацтвазнаўца з Віцебска Святлана (са сціпласці яна прасіла не называць яе прозвішча). Яна наведала месцы ў Нью-Ёрку, звязаныя з мастаком і яго музай, іх знаходжаннем у ЗША з чэрвеня 1941 года да верасня 1944 года, калі Бэла памерла.
"Таксама ў Нью-Ёрку я сустрэлася з унучкай Шагала Бэлай Мейер, у яе свая студыя і крама кветак на Манхэтэне", - дадала аўтар экспазіцыі.
На выставе "Шагал, Бэла і Нью-Ёрк" прадстаўлены фатаграфіі тых месцаў, дзе жыла пара і дзе працаваў мастак. Гэта гасцініцы, Цэнтральны парк, побач з якім сям'я здымала кватэру, Музей сучаснага мастацтва, Новая школа, дзе размяшчалася вядомая студыя Atelier 17, якую любіў наведваць Марк Шагал, і г.д.
Экспазіцыя таксама дапамагае даведацца пра людзей, якія адыгралі важную ролю ў лёсе Марка і Бэлы ў той перыяд. Напрыклад, гэта дырэктар Музея сучаснага мастацтва Альфрэд Бар, які выступіў фінансавым гарантам, каб пара змагла прыехаць у ЗША з Францыі. П'ер Маціс, які сустрэў іх з карабля, і менавіта ў яго галерэі ў Шагала адбыліся тры выставы.
Рускі харэограф Леанід Мясiн прапанаваў мастаку зрабіць 4 заднікі і касцюмы да балета "Алеко". Больш за 70 касцюмаў мужу дапамагала шыць Бэла. Сам балет не меў такога каласальнага поспеху, як дэкарацыі. Дзякуючы пастаноўцы Шагал стаў вядомы ў Нью-Ёрку.
Гэта паслужыла штуршком да новага перыяду яго творчасці: мастак пачаў рабіць дэкарацыі да опер. А Нью-Ёрк набыў яшчэ аднаго творцу з цэлай галерэі таленавітых еўрапейскіх эмігрантаў, якія ператварылі горад у культурны цэнтр ЗША.
У Віцебску 25 ліпеня - у дзень 100-годдзя вяселля Марка Шагала і Бэлы Разенфельд, а таксама на наступны дзень запланавана серыя культурных і святочных падзей пад назвай "Вясельная феерыя".
Кацярына Князева, БЕЛТА