У Віцебску адкрылася выстава работ Алега Скавародкі, прымеркаваная да 75-годзьдзя жывапісца
– На выставе прадстаўлены фігуратыўныя і абстрактныя працы. Мае любімыя пейзажы і нацюрморты я паказваў даволі часта, на гэты раз вырашыў выступіць у іншым амплуа. Тут можна ўбачыць і непрывычныя для мяне тэмы, напрыклад, «Выкраданне Еўропы». Многія звярталіся да гэтага сюжэта, і я захацеў напісаць яго па-свойму, – расказаў аўтар.
У яго ўсе працы напісаны па-свойму, у манеры, уласцівай толькі яму. Ён не падражальнік, а адкрывальнік уласнага стылю, аўтарскага почырку. Таму яго жывапіс цікавы і калегам па творчым цэху, і мастацтвазнаўцам, і проста аматарам мастацтва.
Алег Скавародка з 1986 года – член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, у тым ліку ў Англіі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Эстоніі. Яго творчасць – асаблівая з'ява ў нацыянальным мастацтве. У яго працах удала спалучаюцца напрацоўкі розных мастацкіх школ, класічных і авангардных, адчуваецца ўплыў мадэрна, імпрэсіянізму, перакладзеных на глебу беларускай рэчаіснасці. Галоўным для яго заўсёды было і застаецца імкненне выказаць любоў да блізкіх яму людзей і роднага краю.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Музеі сучаснага мастацтва, у музеях Гродна, Магілёва, Полацка, а таксама ў прыватных зборах і галерэях Расіі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Галандыі, Англіі, Польшчы, Турцыі, Індыі і інш.
Працоўная і творчая дзейнасць Алега Скавародкі была адзначана шматлікімі граматамі і дыпломамі розных краін. У 2019 годзе мастак узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Сваю юбілейную выставу аўтар назваў «Форма. Колер. Рытм» і прадставіў на суд гледачоў 44 работы, дзве з якіх: «Тост за мастацтва» і «Пахаванне ветэрана» папоўняць музейны збор абласнога краязнаўчага музея, дзе сёння захоўваецца 28 яго твораў.
На адкрыцці выставы Алегу Скавародку казалі шмат добрых слоў. Мастаку ўручылі Ганаровую грамату аблвыканкама, узнагароду Беларускага саюза мастакоў.
Але галоўная ўзнагарода – увага гледачоў, якія прыходзяць на выставы жывапісца. Для іх ён падрыхтаваў падарунак – карціну «Дамок ля возера», якая будзе разыграна сярод наведвальнікаў экспазіцыі 15 снежня.