У Віцебску адкрылася выстава савецкіх навагодніх цацак

В Витебске открылась выставка советских новогодних игрушек
Выстава савецкіх цацак «20.20. З Новым годам» адкрылася ў віцебскім Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.

Для навагодніх цудаў не існуе межаў і забаронаў. У гэты чароўны час магчыма ўсё, напрыклад, вяртанне ў дзяцінства. А для таго, каб гэтае на першы погляд нерэальнае жаданне збылося, дастаткова толькі зазірнуць на выставу ў Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання. Менавіта там, у асяроддзі савецкіх навагодніх цацак і лялек, кожны, нават самы скептычна настроены дарослы, адчуе сябе дзіцем, які чакае чараўніцтва.

Шкляныя мядзведзікі і зайчаняты з прыватнай калекцыі Алега і Алены Карпіцкіх нагадаюць пра тое, што ў кожным з нас працягвае жыць маленькае дзіця, таемна ад усіх марыць пра малюсенькі цуд і кропельку цяпла ў марозны снежаньскі дзень.

«Экспанаты нашай калекцыі – нешта большае, чым проста цацкі. Бо ў кожнага з іх свая гісторыя, энергетыка, лёс», – адзначае Алег Карпіцкі.

Самыя маленькія госці казачнай экспазіцыі будуць несумненна рады ўбачыць напярэдадні святаў доўгачаканых Дзядулю Мароза і Снягурачку ў кампаніі плюшавых жыхароў зімовага лесу.

«У нашай калекцыі сабраны як цацкі масавай вытворчасці, так і ўнікальныя ўзоры ручной работы, – кажа Алена Карпіцкая. – Час, у якім мы жывём, накладае адбітак і на цацкі. Экспанаты выстаўкі дэманструюць, якімі бачыліся вобразы казачных персанажаў людзям савецкай эпохі, бо ўсе цацкі, прадстаўленыя на выстаўцы, вырабляліся на тэрыторыі СССР. Нам вельмі прыемна выступаць у нейкай ступені захоўнікамі традыцый і паказваць сучасным дзецям часцінку свету, у якім жылі іх бацькі, калі былі маленькімі».

Пабачыць цацкі эпохі СССР і прасякнуцца атмасферай свята з прысмакам ностальгіі можна будзе да 13 студзеня. Кошт білетаў таксама ў савецкім стылі – усяго 2.50 рубля, для школьнікаў і студэнтаў – 2 рублі.

"Віцебскія весці".