У Віцебску адкрылася выстава Таццяны Беразоўскай
«
Каралі для вясны» – так лірычна і жаноцкі віцебская мастачка Таццяна Беразоўская назвала сваю выставу, якая зараз экспануецца ў Мастацкім музеі абласнога цэнтра. У той час як па гарадскіх вуліцах гуляе халодны вецер, у выставачнай зале ў свае правы ўступіла доўгачаканая пара цяпла і сонца.– Напярэдадні вясны прырода рыхтуецца да абуджэння, у чалавека з'яўляюцца свежыя сілы і надзеі, і асабліва востра адчуваюць гэтую змену жанчыны. Да іх, у першую чаргу, звернуты працы маёй выставы, – распавядае Таццяна Беразоўская. – Таксама для мяне як мастака любы вернісаж – гэта нагода падзяліцца эмоцыямі, адчуваннямі.
Традыцыйна мастачка застаецца вернай графіцы, але эксперыментуе з рознымі тэхнікамі і тэмамі. Аўтар вярнулася да тэмы 20-гадовай даўніны ў сваёй творчасці
«Камяні і кветкі», толькі працягнула яе крыху ў іншым ракурсе і з большай глыбінёй. Характэрна, што кожная праца для ўзмацнення энергетыкі карціны дапоўнена гліфамі, талісманамі. Яны, як тлумачыць сама Таццяна, выяўляюць пошук любові, духоўнасці. Сярод экспанатаў прадстаўлены і карціны ранняга перыяду, якія гарманічна дапоўнілі «Каралі для вясны». Па працах розных гадоў можна прасачыць узроставанне, станаўленне мастачкі як асобы. Калі напачатку на палотнах свавольнічалі маленькія анёлы, феі і вядзьмачкі, то потым мы назіраем вобразы жаночай мудрасці і гармоніі, у глыбіні якіх прытаілася ўсё тая ж маленькая дзяўчынка.Творчасць гэтай мастачкі нясе лёгкасць, дабро і радасць, нават смутак выяўлены не прыгнятальны, а светлы.
«Лекар стомленых душ» – так назвала Беразоўскую яе выкладчыца па ўніверсітэце, а цяпер сяброўка і калега Таццяна Рудэнка, якая прыйшла падтрымаць былую вучаніцу на яе чарговым вернісажы.Аўтар выставы ўпэўнена: шчасце не трэба шукаць, ім трэба быць. Так можна сказаць і пра вясну: не трэба чакаць, пакуль яна абвесціць аб сабе першай капеллю, можна проста ўпусціць яе ў свой унутраны свет.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"