У Віцебску адкрылася выстава Уладзіміра Вітко

В Витебске открылась выставка Владимира Витко

Выстава праходзіць з 1 па 31 жніўня ў Мастацкім музеі.

Уладзімір Ільіч Вітко – віцебскі жывапісец, графік, які вядомы ў свеце сучаснага беларускага мастацтва як майстар «суровага стылю» жывапісу.

Уладзімір Вітко нарадзіўся 10 мая 1933 года ў вёсцы Грэцк Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1960). У 1961 годзе пераехаў у Віцебск, дзе працаваў спачатку на фабрыцы КІМ, затым на шаўковым камбінаце. У 1968 годзе Уладзімір Вітко пачаў працаваць у Віцебскіх мастацкіх майстэрнях, дзе ў яго з'явілася свая творчая майстэрня. З 1964 года мастак стаў рэгулярна ўдзельнічаць у рэспубліканскіх выстаўках. Пісаў акварэллю, займаўся лінагравюрай, а потым захапіўся алейным жывапісам. У 1975 годзе быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР. У 2001 годзе В. Вітко выдаў аўтабіяграфічную кнігу «Белыя аблокі».

Творчасць В.І. Вітко вельмі разнастайная па тэматыцы і стылістыцы. У сваіх палотнах мастак выказвае тыя горы і смутак, праз якія прайшла беларуская зямля. Аўтар надае вялікую ўвагу тэме Вялікай Айчыннай вайны. З глыбокімі разважаннямі на тэмы смерці і чалавечага лёсу суседнічаюць дэкаратыўныя працы з яркім, бадзёрым, аптымістычным каларытам. Побач з рэалістычнымі партрэтамі і пейзажамі знаходзяцца стылізаваныя, блізкія да абстракцыі, працы. Сярод напісаных мастаком жывапісных палотнаў нямала глыбока рэалістычных і разам з тым фантазійных і філасофічных кампазіцый. І хоць у назвах яго карцін нямала гучаць словы

«памяць», «боль», «пакута», Уладзімір Вітко ў сваёй творчасці застаецца адкрытым, наіўным і сентыментальным рамантыкам.

Творчасць Уладзіміра Вітко шырока вядомая ў Беларусі. Яго працы захоўваюцца і экспануюцца ў мастацкіх музеях Мінска, Віцебска, Наваполацка, Слуцка і іншых музеях нашай краіны, а творы папаўняюць прыватныя калекцыі ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і Італіі.

“Мастак высока цэніць дэкаратыўнасць у жывапісе, заўважаючы пры гэтым, якой невычарпальнай скарбніцай для прафесійнага мастацтва з'яўляецца народная творчасць, яго дэкор, арнамент, колер..”. Н.А. Гугнін, мастацтвазнавец.