У Віцебску адкрылі бюст ганаровага грамадзяніна горада Уладзіміра Кулакова
Уладзімір Панцялеевіч нарадзіўся ў Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, працаваў на розных пасадах на Гродзеншчыне і ў Мінску. У 1960-х узначаліў адзін з адстаючых саўгасаў Лідскага раёна і за кароткі тэрмін вывеў яго ў перадавыя, у 30 гадоў малады дырэктар быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З першай паловы 1980-х лёс Уладзіміра Кулакова неадрыўна звязаны з Віцебшчынай. У 1984-м ён стаў старшынёй аблвыканкама. Дзесяцігадовы тэрмін працы на гэтай пасадзе стаў перыядам актыўнага будаўніцтва дарог, многіх сацыяльных аб'ектаў, стварэння новых вытворчасцей і маштабнай меліярацыі земляў. У прыватнасці, былі ўзведзены дзевяць буйных бальніц у гарадах і райцэнтрах, дыягнастычны цэнтр у Віцебску, кандытарскі камбінат «Віцьба» і Летні амфітэатр.
Да красавіка 1999-га Уладзімір Кулакоў узначальваў абласны Савет дэпутатаў, затым – абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Працоўны стаж Уладзіміра Панцялеевіча склаў 50 гадоў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ён працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Віцебшчыны, з'яўляўся членам прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў.
У 2019-м Уладзіміру Кулакову прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска».
На ўрачыстай цырымоніі намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў канстатаваў, што для ўсіх нас вельмі важна захоўваць памяць аб людзях, якія ўклалі шмат працы, умення і ведаў у тое, каб развівалася Віцебская вобласць і родная Беларусь. Уладзімір Панцялеевіч быў таленавітым кіраўніком, аб неардынарнасці асобы сведчыць тое, што ў 30 гадоў ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 35 гадоў – ордэнам Леніна.
Уладзімір Андрэйчанка, пераемнік Уладзіміра Кулакова на пасадзе старшыні аблвыканкама, падкрэсліў, што Уладзімір Панцялеевіч быў з тых, хто праслаўляў край сваімі справамі і ўчынкамі, прымнажаў духоўныя традыцыі і каштоўнасці народа.
– Мне пашчасціла доўгі час з ім працаваць, з 1983 года. Быў час пагаварыць не толькі на вытворчыя тэмы, але і пагаварыць пра жыццё, асабістыя справы. У гэтага чалавека была няпростая доля. У пяць гадоў ён застаўся сіратой, калі бацька, які вярнуўся з фронту, памёр ад наступстваў раненняў. Каб атрымаць сярэднюю адукацыю, хадзіў за 10 км у школу. У далейшым скончыў два ўніверсітэты. Уладзіміру Панцялеевічу давялося працаваць на пераломе эпох, калі пры распадзе СССР трэба было ўтрымаць вобласць, каб яна не скацілася ўніз і людзі маглі нармальна жыць, – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. – Як мудры і дасведчаны чалавек, ён змог гэта зрабіць у няпросты час. Як патрабавальны кіраўнік, Уладзімір Панцялеевіч ведаў, за што спытаць і дзе трэба падказаць, разам з тым ён быў па-бацькоўску клапатлівы.
Па словах былога генеральнага дырэктара УП «Віцебскаблгаз» Пятра Шэршаня, Уладзімір Кулакоў прынёс у Віцебскую вобласць тую культуру вядзення сельскай гаспадаркі, якая павінна быць з пункту гледжання эканомікі. Ён быў знаходкай для Віцебшчыны ў перыяд 1990-х.
Дачка Уладзіміра Кулакова Ірына падзякавала ўсім, хто прыняў удзел ва ўвекавечанні памяці бацькі.
Ва ўрачыстай цырымоніі прымалі ўдзел былыя калегі, паплечнікі, падначаленыя Уладзіміра Кулакова. Мы папрасілі некаторых з іх падзяліцца ўспамінамі.
Міхаіл Лешчынскі, намеснік старшыні абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання ветэранаў:
– Уладзімір Панцялеевіч не глядзеў з вышыні сваёй пасады зверху ўніз, не працаваў па прынцыпе: рабі, як я сказаў. Ён заўсёды абгрунтоўваў прынятае рашэнне і пры неабходнасці пераконваў, чаму гэта трэба зрабіць. Маючы вялікі кіраўніцкі вопыт, ён заўсёды прымаў прадуманыя рашэнні.
Зоя Крот, ветэран дзяржслужбы:
– Уладзімір Панцялеевіч прадстаўляў пакаленне паплечнікаў Пятра Міронавіча Машэрава, быў з ім асабіста знаёмы. Па-жыццёва мудры і беражлівы, не любіў распыляць сродкі, з'яўляўся наймацнейшым эканамістам, не баяўся браць на сябе адказнасць. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, я працавала сакратаром аблпрафсавета. На Віцебшчыну эвакуіравалі дзяцей і сем'і з заражанай зоны. Яны прыбывалі ноччу, і мы размяркоўвалі іх па санаторыях, прафілакторыях, піянерскіх лагерах. Неяк раніцай на планерцы Уладзімір Панцялеевіч кажа: «Чаму людзі прыязджаюць ноччу, у нас што, вайна?» Зняў трубку і патэлефанаваў у Саўмін. Пасля гэтага людзей сталі прывозіць днём.