У Віцебску адкрылі краму добраахвотнага пажарнага таварыства «101»
Новая крама размясцілася на вул. Жасткова, 13 а. У дзень адкрыцця тут арганізавалі мноства тэматычных пляцовак, дзе кожны ахвотны мог прыняць удзел у розыгрышы прызоў і майстар-класах па бяспецы. Дарэчы, на адным з іх жыхары горада нават тушылі рэальны агонь.
Віцебск стаў чацвёртым горадам у рэспубліцы, дзе ёсць крама «101», у якой можна набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, вогнетушыцелі і іншае супрацьпажарнае абсталяванне. Усяго ў продажы больш за 100 найменняў тавараў.
Акрамя таго, у краме можна атрымаць кансультацыю па бяспецы не толькі ад спецыялістаў добраахвотнага пажарнага таварыства, але і ад віртуальнага памочніка «Алісы», які раскажа наведвальнікам пра віды паслуг, што аказваюцца, гісторыю ўтварэння ў Віцебску вольнага пажарнага таварыства, створанага яшчэ ў XIX стагоддзі.
– Наша рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне (РДГА) выконвае не толькі вытворчыя задачы, але і дзяржаўна значныя. У першую чаргу мы аб'ядноўваем намаганні ў справе папярэджання і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў і пажараў. Зыходзячы з гэтага, ствараем падобныя аб'екты гандлю, дзе кожны можа набыць, напрыклад, пажарны апавяшчальнік або вогнетушыцель, – адзначыў старшыня Рэспубліканскага савета РДГА «БДПА» Аляксандр Кудрашоў. – Акрамя рэалізацыі супрацьпажарнай прадукцыі тут будзе праводзіцца навучанне правілам пажарнай бяспекі як дзяцей, так і дарослых.
Аляксандр Кудрашоў падкрэсліў, што Віцебскае добраахвотнае пажарнае таварыства самае старэйшае ў рэспубліцы, бо ў 2022 годзе яно адсвяткавала 150 гадоў з дня стварэння, а такой даўгавечнасцю можа пахваліцца не кожная арганізацыя.
Таму невыпадкова ў краме размешчана экспазіцыя, на якой прадстаўлена сімволіка таварыства, знакі адрознення форменнага адзення, нагрудныя і нарукаўныя знакі, знакі на галаўных уборах, пагоны, пятліцы, наглядна-выяўленчая прадукцыя навучальнага характару і многае іншае.
Крама працуе па буднях з 8.00 да 17.00 з перапынкам на абед (12.00 – 13.00). Субота і нядзеля – выхадныя дні.