У Віцебску адкрылі мурал Герою Савецкага Саюза Ефрасінні Зяньковай

В Витебске открыли мурал Герою Советского Союза Ефросиньи Зеньковой
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін прыняў удзел у адкрыцці мурала Героя Савецкага Саюза, кіраўніка камсамольска-маладзёжнай арганізацыі «Юныя мсціўцы», Ганаровага грамадзяніна Віцебска Ефрасінні Зеньковай у віцебскай СШ № 28.

– Напярэдадні знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – мы адкрываем мурал і тым самым аддаём даніну памяці сапраўднаму патрыёту, чыё імя з гонарам носіць установа адукацыі, – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Сімвалічна, што мурал з'явіўся на фасадзе будынка ўстановы адукацыі, бо дзеці павінны ведаць і ўмець абараняць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. Выява героя на сцяне школы будзе нагадваць кожнаму аб гераічным мінулым нашых землякоў.

Кіраўнік вобласці нагадаў, што ўраджэнка Шумілінскага раёна Ефрасіння Зенькова ў 18-гадовым узросце здолела арганізаваць падпольную групу, у якую ўваходзілі вучні Обальскай школы, з рызыкай для жыцця паспяхова выконвала дыверсійныя аперацыі. І сёння яе асабістая гісторыя з'яўляецца сімвалам мужнасці, рашучасці і адданасці роднай зямлі.

– У Віцебскай вобласці імёны абаронцаў радзімы, якія пакінулі свой яркі след у лёсе краіны, прысвоены большасці навучальных устаноў. Гэта значны ўклад у захаванне нашай агульнай памяці аб гераічных подзвігах, што мае велізарнае значэнне для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Беларускі народ як ніхто ведае цану міру і Перамогі. І сёння, калі чалавецтва зноў апынулася на парозе глабальнага канфлікту, мы ўпэўнена адстойваем права на мірную будучыню, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

Мурал з'явіўся па ініцыятыве кіраўніцтва ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці. Збор сродкаў на яго стварэнне падтрымалі ўсе члены калектыву экспертнага ведамства паўночнага рэгіёну.

Дарэчы. У 1958 годзе нашай зямлячцы прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Золата Зорка».

У сценах школы таксама адкрылі абноўлены музей «Блакадны Ленінград». Там прадстаўлены арыгіналы і копіі дакументаў, лісты і аўтабіяграфіі людзей, якія ўдзельнічалі ў абароне блакаднага Ленінграда, а таксама газетныя выразкі, фотаздымкі, узнагароды, блакадны хлеб і дзённікі. Распрацоўвае экскурсіі для навучэнцаў, а таксама рыхтуе юных экскурсаводаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Лявоненкава.

"Віцебскія весці"