У Віцебску адкрылі скульптурную кампазіцыю ў гонар дэсантнікаў

В Витебске открыли скульптурную композицию в честь десантников
У Віцебску ў Парку Пераможцаў урачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю ў гонар воінаў-дэсантнікаў.


У цырымоніі прынялі ўдзел камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка, кіраўніцтва Віцебскай вобласці і горада, ветэранскія арганізацыі, вайскоўцы 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і госці з Расіі. Пытанне аб усталяванні ў Віцебску помніка воіну-дэсантніку было зноў узнята ў 2017 годзе ветэранскімі арганізацыямі і гісторыкамі. Ідэю падтрымала кіраўніцтва вобласці.

"Гісторыя гвардзейцаў-дэсантнікаў з'яўляецца гордасцю краіны і Віцебскай вобласці. Сапраўдны гераізм яны праявілі ў часы ўзброенага канфлікту на Халхін-Голе, Савецка-фінскай вайны і Вялікай Айчыннай вайны, з гонарам байцы выканалі доўг пры аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі ў Афганістане. Воіны 103-й брыгады з'яўляюцца годнымі прадаўжальнікамі слаўных баявых традыцый гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі", - адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Ён дадаў, што збор сродкаў на скульптурную кампазіцыю забяспечылі грамадскія і ветэранскія арганізацыі, выраб яе ажыццяўляўся без выкарыстання бюджэтных сродкаў. Добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі правялі за кошт грошай, заробленых на рэспубліканскім суботніку.






Вышыня бронзавай скульптуры каля 3 м. Фігура дэсантніка адлюстравана ў момант збірання строп пасля скачка. Першапачатковы эскіз дапрацоўваўся пасля заўваг мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, а таксама прапаноў

саміх дэсантнікаў. Скульптар Іван Казак працаваў, гледзячы на экіпіраванага дэсантніка. Перад скульптурай размешчаны парашут, на якім па цэнтры эмблема ВДВ, а над ёй дэвіз "Ніхто, акрамя нас". На парашуце справа ад эмблемы знаходзіцца барэльеф камандуючага ВДВ СССР генерала арміі Васіля Маргелава (сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня яго нараджэння), а злева - ураджэнца Віцебска генерал-лейтэнанта Івана Лісава, які быў правай рукой Маргелава. Перад парашутам на камені ляжыць выкананая ў колеры цельняшка і блакітны берэт. Натхняльнікам стварэння гэтых атрыбутаў ВДВ быў Іван Лісаў, у дзень памяці якога і адкрылі скульptурную кампазіцыю (ён памёр 17 кастрычніка 1997 года).

Камандуючы Сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што для ўсіх воінаў-дэсантнікаў Віцебск заўсёды асацыяваўся з 103-й паветрана-дэсантнай дывізіяй, сёння брыгадай. Адкрыццё кампазіцыі стала пацвярджэннем таму, што Віцебск - сталіца беларускіх дэсантнікаў.

"Сённяшняя 103-я брыгада другі год становіцца лепшым злучэннем ва Узброеных Сілах Беларусі. Упэўнены, што яе баяі будуць годна шанаваць тых, чые барэльефы размешчаны на помніку. Васіль Маргелаў і Іван Лісаў стварылі прынцыпы прымянення ВДВ, на аснове якіх мы сёння развіваем нашы сілы спецаперацый, адаптуючы да сучасных рэалій", - сказаў Вадзім Дзянісенка.

У будучыні плануецца ўсталяваць помнік, прысвечаны 214-й паветрана-дэсантнай брыгадзе (дыслацыравалася ў Мар'інай Горцы) як першай часці ВДВ на тэрыторыі Беларусі. У Віцебску шмат гадоў дыслацыравалася 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія. У гады Вялікай Айчыннай вайны злучэнне ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у Венскай наступальнай аперацыі. У афганскай вайне вайскоўцы гэтага злучэння першымі ўвайшлі і апошнімі пакінулі поле ваенных дзеянняў. Цяпер у абласным цэнтры размяшчаецца 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада.

БЕЛТА.