У Віцебску адкрылі Цэнтр па скачках на батуце
У цырымоніі адкрыцця значнага спартыўнага аб'екта прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк, старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў і іншыя прадстаўнікі мясцовай улады.
У багатай традыцыямі віцебскай школе батута сёння займаюцца больш за 300 спартсменаў, 29 з іх – члены нацыянальнай зборнай Беларусі. У 2016 годзе віцяблянін Уладзіслаў Ганчароў стаў алімпійскім чэмпіёнам у гэтым відзе спорту на Гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Дарэчы, гэты праслаўлены выхаванец віцебскай батутнай школы разам з трэнерам Вольгай Уласавай таксама прысутнічаў на адкрыцці спартыўнага цэнтра.
У Віцебску Цэнтр па скачках на батуце быў неабходны для трэніровак як маладым спартсменам, так і майстрам. Акрамя таго, дзякуючы ўзвядзенню сучаснага будынка стане магчымым правядзенне ў паўночнай сталіцы Беларусі нацыянальных і міжнародных першынстваў.
Будаўніцтва важнага спартыўнага аб'екта фінансавалася з абласнога бюджэту, фактычны кошт склаў звыш 7,7 тыс. руб., у тым ліку абсталяванне – больш за 1,3 тыс. руб. У цэнтры размешчаны трэніровачныя, трэнажорныя і харэаграфічныя залы, акрабатычная дарожка, спартыўныя раздзявальні, сауны з міні-басейнам, жылыя блокі, санітарна-бытавыя, адміністрацыйна-гаспадарчыя і іншыя памяшканні. На час турніраў у спецыялізаваных залах будуць усталёўваць раздвижные трыбуны.
Таксама ў цэнтры плануюць адкрыць агульнаразвіваючыя групы «Юны батутыст» для дзяцей 4 – 6 гадоў.