У Віцебску адкрыўся новы будынак Кастрычніцкага РАУС
Удзельнікамі цырымоніі адкрыцця новага будынка райаддзела сталі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, прадстаўнікі УУС Віцебскага аблвыканкама, ганаровыя госці і супрацоўнікі РАУС.
У трохпавярховым будынку кабінеты абсталяваны сучаснай тэхнікай і мэбляй, ёсць актавая зала. Частку плошчаў заняў спартыўны комплекс, які ўключае цір, трэнажорную і спартыўную залы, дзе змогуць займацца не толькі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, але і іх калегі з гарадскіх падраздзяленняў.
"Гэта важная падзея для супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС", - падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, умовы, створаныя тут, дазволяць палепшыць якасць прафесійнай дзейнасці супрацоўнікаў. "Мы сёння заходзілі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі, дзе ажыццяўляюцца адміністрацыйныя працэдуры. Там створаны добрыя ўмовы для прыёму грамадзян, у тым ліку ёсць гульнявы пакой для дзяцей, што вельмі важна. У цэлым усё зроблена на вельмі высокім узроўні", - падкрэсліў Іван Кубракоў.
Для Віцебшчыны дадзены аб'ект знакавы, паколькі апошні раз новы будынак пад патрэбы органаў унутраных спраў у вобласці ўзводзіўся ў 1980-я гады. Закладка ў фундамент капсулы на месцы будаўніцтва будынка Кастрычніцкага РАУС адбылася ў маі 2014 года. У яе змясцілі нагрудны знак "Віцебская міліцыя", нумар абласной міліцэйскай газеты "02" і пасланне нашчадкам. Затым з-за адсутнасці фінансавання работы былі прыпынены. Яны аднавіліся крыху больш за год таму з прызначэннем на пасаду кіраўніка віцебскай міліцыі Міхаіла Грыба, які ў цяперашні час узначальвае ГУУС Мінгарвыканкама.
Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС абслугоўваюць адзін з самых буйных раёнаў Віцебска з насельніцтвам больш за 130 тыс. чалавек. "Тэрыторыя Кастрычніцкага раёна з'яўляецца цэнтральнай часткай горада. У раёне функцыянуюць найважнейшыя прамысловыя і транспартныя прадпрыемствы, прадпрыемствы сувязі, паліўна-энергетычнай прамысловасці і грамадскага харчавання. Тут размешчаны жылыя масівы і зялёныя зоны, паркі культуры і адпачынку, а таксама галоўная пляцоўка міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - Летні амфітэатр. Таксама на тэрыторыі абслугоўвання Кастрычніцкага РАУС сканцэнтравана большая частка забаўляльных устаноў абласнога цэнтра", - распавёў начальнік Кастрычніцкага РАУС Дзмітрый Барадаўка.
Гісторыя райаддзела налічвае больш за 100 гадоў.





