У Віцебску адкрылася рэгіянальнае аддзяленне Банка БелВЭБ
У Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка рэгіянальнага аддзялення ААТ "Банк БелВЭБ", размешчанага на вуліцы Леніна, 11.
Наваселле адзначылі як мае быць: ва ўрачыстай абстаноўцы генеральны дырэктар ТАА "Стройгандальсэрвіс" Аляксандр Кішковіч перадаў сімвалічны ключ ад новага будынка старшыні праўлення ААТ "Банк БелВЭБ" Паўлу Калаўру. Патэнцыйныя кліенты ў гэты дзень змаглі атрымаць кансультацыі па ўсіх пытаннях банкаўскага абслугоўвання.
Агульная плошча новага будынка 2 тысячы квадратных метраў. Пры яго пабудове адной з умоў гарадской улады была адпаведнасць знешняга выгляду пабудовы архітэктурнаму абліччу суседніх гістарычных будынкаў. Таму праекціроўшчыкі выкарыстоўвалі элементы змешанага архітэктурнага стылю: ляпніну, барэльефы, вітражы.
— Ацэнку, вядома ж, даваць жыхарам нашага горада і спецыялістам, але, на мой погляд, усё атрымалася, — заўважыў старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін. — Добра папрацавалі праектныя арганізацыі, будаўнікі. І выйграў не толькі знешні выгляд горада. Бо з адкрыццём новага будынка забяспечаны добрыя ўмовы і для работнікаў банка — жыхароў Віцебска. Упэўнены, што Банк БелВЭБ у нашым горадзе замацаваўся сур'ёзна і надоўга. А гэта значыць: з'явяцца новыя інвестыцыі для прадпрыемстваў і арганізацый, што пацягне за сабой развіццё эканомікі, папаўненне сродкаў абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.
Знешні выгляд будынка банка складае адзіны ансамбль з гістарычнай забудовай горада, унутры — усё ультрасучаснае. У новым офісе ўкаранёна "электронная чарга", якая дазволіць пазбегнуць страты каштоўнага часу кліентаў. На першым паверсе размешчаны зоны абслугоўвання фізічных асоб, касы і дэпазітарый, зона самаабслугоўвання, дзе знаходзяцца банкамат і плацежна-даведачны тэрмінал, зона абслугоўвання VIP-кліентаў, дзіцячы куток.
Таксама тут устаноўлена ўнікальнае для нашай краіны абсталяванне — аўтаматычны сейф. З яго дапамогай юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць інкасаваць грашовыя сродкі кругласутачна ў любы дзень без удзелу персаналу банка.
Для фізічных асоб аддзяленне прапануе паслугі па прыцягненні дэпазітаў, крэдытаванні, грашовых пераводах, афармленні банкаўскіх плацежных картак, валютна-абменных аперацыях, прыёме плацяжоў, продажы мерных зліткаў з каштоўных металаў, памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, страхаванні і іншыя аперацыі.
Другі паверх прызначаны для абслугоўвання юрыдычных асоб. На трэцім — размяшчаюцца кабінеты кіраўнікоў і канферэнц-зала.
Цяпер у аддзяленні абслугоўваюцца 388 юрыдычных асоб, 464 індывідуальных прадпрымальніка і каля 50 тысяч фізічных асоб. Кіраўнік Віцебскім рэгіянальным аддзяленнем ААТ "Банк БелВЭБ" Андрэй Шарабайка падкрэсліў, што на дадзены момант прыярытэтным напрамкам з'яўляецца развіццё расійска-беларускіх інавацыйных праектаў і крэдытаванне сярэдняга бізнесу.
— У адпаведнасці з нашай стратэгіяй у Банку БелВЭБ ключавымі кліенцкімі сегментамі ў карпаратыўным бізнесе вызначаны юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ўдзельнічаюць у інтэграцыйных працэсах Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, — адзначыў Андрэй Шарабайка. — Падтрымка Групы Внешэкономбанка сёння дазваляе рэалізаваць любыя інвестыцыйныя і бягучыя патрэбы прадпрыемстваў, у тым ліку малога і сярэдняга бізнесу.
У сваім выступленні старшыня праўлення ААТ "Банк БелВЭБ" Павел Калаур падкрэсліў, што банк заўсёды гатовы падтрымаць ініцыятывы, якія з'явяцца на Віцебшчыне, і забяспечыць рэалізацыю самых смелых праектаў.
— Мы падтрымліваем стратэгію развіцця нашага партнёра — прадпрыемства "Белвест", якое актыўна працуе на тэрыторыі Расіі. Зацверджаны праект фінансавання Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, — распавёў Павел Калаур. — Увага надаецца і сацыяльным праектам. ААТ "Банк БелВЭБ" і Нацыянальная бібліятэка Беларусі пачалі агульнанацыянальны праект па выпуску першага факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны. Днямі прынята рашэнне аб выдзяленні сродкаў на падтрымку рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі". Спадзяюся, што Назіральны савет падтрымае нашу ініцыятыву.
Банк БелВЭБ заўсёды гатовы прадаставіць неабходную крэдытную падтрымку і аказаць кансультацыйную дапамогу. Індывідуальны ж падыход да кліентаў стаў ужо не проста прынцыпам, а неад'емнай часткай працы.
Марыя Будкевіч, "Віцьбічы"