У Віцебску адкрылося сучаснае аддзяленне атарыналарынгалогіі для дзяцей
Перамяшчэнне лор-аддзялення з дарослай абласной бальніцы ў спецыялізаваную дзіцячую клініку з'яўляецца адным з пунктаў абласной праграмы ўдасканалення медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Віцебшчыны, якую распрацавала і курыруе ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама. Сутнасць яе зразумелая: для лепшага выніку ў лячэнні ўсе віды дапамогі павінны быць сканцэнтраваны ў адным месцы, дзе ўсё пад рукой — і першакласнае дыягнастычнае, лячэбнае абсталяванне, і кваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць навыкі працы з дзецьмі.
Як распавяла намеснік галоўнага ўрача дзіцячай абласной бальніцы Наталля Лескава, перавод аддзялення быў паэтапным. З 1 сакавіка гэтага года тут размясцілі 15 ложкаў і ўзялі на сябе аказанне экстраннай меддапамогі. Паралельна ішла закупка абсталявання для аснашчэння кабінета оталарынголага ў прыёмным аддзяленні і спецыялізаванай аперацыйнай. (Яе прадугледзелі загадзя, калі ў канцы мінулага года ўводзілі ў эксплуатацыю пасля мадэрнізацыі аперблок, пра што «Віцьбічы» сваім чытачам распавядалі). На гэтыя мэты затрачана 4,5 мільярда рублёў. А з 5 мая аддзяленне запрацавала ў поўную сілу. Пакуль, да здачы ў эксплуатацыю дзіцячага корпуса, які рамантуецца цяпер, яго 40 ложкаў размешчаны на плошчах хірургіі. За такі кароткі тэрмін ужо праведзена больш за 70 аператыўных лор-умяшанняў.
Адміністрацыя бальніцы грунтоўна падышла да падбору кадраў для новага аддзялення, запрасіўшы на працу ўрачоў не ніжэй за першую катэгорыю з іншых медустаноў горада і навучыўшы іх працы на новым абсталяванні.
— Цяпер мы ў стане якасна аказваць і экстранную, і планавую дапамогу ўсім дзецям вобласці, якія маюць у ёй патрэбу, — адзначыла загадчыца аддзялення Ганна Якімцова. — Абсталяванне, якім аснашчана аддзяленне — мара любога лор-урача. Вельмі пашырыў нашы магчымасці добры аперацыйны мікраскоп нямецкай вытворчасці. Ёсць устаноўка для лазернай каагуляцыі ніжніх насавых ракавін пры хранічных вазаматорных рынітах. Лазерам лечым хранічныя танзіліты. Гэта вельмі добрая альтэрнатыва класічнай методыцы: замест выдалення міндалін іх толькі падрэзаем пры дапамозе лазера. Бескрывацце, малотравматычнае і больш фізіялагічнае ўмяшанне. Таксама атрымана шмат інструментарыю для эндаскапічных умяшанняў, і гэта не мяжа. Усё наяўная адпавядае добраму рэспубліканскаму ўзроўню аказання меддапамогі, так што звяртацца ў сталіцу нашым пацыентам у асноўным не патрабуецца.
Такі ж энтузіязм і гатоўнасць усіх аддаваць сябе здароўю дзяцей адчуваецца і ў настроі двух урачоў аддзялення — Алены Мартавай і Таццяны Чувілінай. А тлумачыцца ўсё проста. Новыя члены калектыву бальніцы ў поўнай меры адчулі перавагі стылю працы дружнай камандай, які тут створаны галоўным урачом Аляксандрам Піткевічам. Усе неабходныя кансультацыі педыятраў, сумежных спецыялістаў, бо лор-паталогія ў «чыстым» відзе бывае рэдка, робяцца на месцы, па першым клічы.
Бальніца аснашчана камп'ютарным тамографам і сучасным рэнтгенабсталяваннем. З гэтымі абследаваннямі таксама ніякіх чаканняў і чэргаў. Лор-урачы шмат добрых слоў адрасавалі калегам-анестэзіёлагам, якія маюць бясцэнны спецыфічны досвед працы з дзецьмі, а гэта дазваляе ім пераступаць парог аперацыйнай са спакойным сэрцам.
Дадаюць аптымізму і сілаў доктарам і самі непаседлівыя пацыенты. У дзяцей, кажуць яны, хвароба бурна працякае, але і выздараўленне пасля аказання дапамогі наступае хутка. А дапамагчы многім з іх, маючы такое абсталяванне, сёння вельмі проста. Калі амаль страціўшае слых дзіця пасля аперацыі зноў можа ўспрымаць свет ва ўсім яго шматгалосіі — большага шчасця для лекара не трэба.
У планах дзіцячай абласной бальніцы прыняць пад сваё крыло з абласной клінікі і афтальмалагічнае аддзяленне.
Вера Мурашкіна, "Віцьбічы"