У Віцебску адкрыўся арт-цэнтр VZAP
– Спачатку ў мяне была задума, каб зрабіць цэнтр для людзей пажылога ўзросту, дзе б яны маглі займацца творчасцю і выстаўляць свае працы, – кажа яго стваральнік Інга-Люцына Багінская. – Гэтая ідэя з'явілася дзякуючы маёй маме Раісе Герасімаўне Спочыньскай, якой цяпер 84 гады, і толькі апошнія два яна не займаецца сваёй любімай флорыстыкай. Потым падрос сын-музыкант, і мы паўтара года шукалі залу для рэпетыцыйна-канцэртнай дзейнасці. Знайшлі гэтае памяшканне, якое гадоў 15 таму было перабудавана пад бізнес-цэнтр і дагэтуль прастойвала. Але паколькі зняць толькі адзін пакой нельга, зразумелі, што трэба зрабіць нешта на карысць народа і мастацтва. Так і з'явіўся творчы цэнтр.
Над назвай доўга не думалі: паколькі арт-прастора размясцілася са зваротнага боку сталоўкі ВЗЭП, то і назвалі яе ў адпаведнасці з англійскай транслітарацыяй – VZAP.
Цэнтр упершыню расчыніў дзверы шырокай публіцы ў канцы чэрвеня, адкрыўшы выставу жывапісу віцябчанкі Таццяны Берагейка. Пасля свае працы тут экспанавалі шэсць маладых віцебскіх мастакоў, а да 9 кастрычніка можна палюбавацца жывапіснымі «Часамі года» пейзажыста Фелікса Кузняцова. 10 кастрычніка – адкрыццё персанальнай выставы мастачкі Cherepanova (Анастасія Чарапанава; Мінск), яно будзе суправаджацца канцэртам сталічнага музычнага калектыву «The Yankees of Moor».
У цэнтры некалькі памяшканняў. Адно задумана як майстэрня мастакоў і керамістаў, другое – як антыкафэ, дзе можна несумленна правесці час з сябрамі (тут ёсць настольныя гульні, дартс, шахматы, шашкі, кніжкі). Маецца і лекцыйная зала, дзе ўжо праходзіў інтэнсіў па аратарскім майстэрстве, канцэртная, якая змяшчае да 150 чалавек, і танцпляцоўка з люстэркамі.
– У нас праходзяць харэаграфічныя заняткі па розных напрамках, а на канец кастрычніка плануем танцавальны батл у стылі хіп-хоп, – паведаміла адміністратар цэнтра Агата Завальная.
Свае канцэрты тут праводзяць актрысы драмтэатра Наталля Аладзько, Святлана Жукоўская і Раіса Грыбовіч. Цыкл лекцый «Віцебск: сучаснасць, будучыня, мінулае» чытае вядомы краязнавец Аркадзь Падліпскі.
– Цікава даведацца пра наш горад такое, пра што раней нават не думаў. Да прыкладу, Аркадзь Міхайлавіч распавядаў пра мемарыяльныя дошкі, дзе якія памылкі дапушчаны, а ў мінулы раз прыадкрыў таямніцу камунальных дамоў Віцебска, – распавяла Агата.
Кожную пятніцу ў творчым цэнтры VZAP паказваюць фільмы ў жанры артхаус. Па суботах тут вучаць дзяцей маляваць, спяваць, іграць на фартэпіяна. Ёсць і індывідуальныя заняткі ігры на розных інструментах.
Плануецца праводзіць тут дабрачынныя канцэрты кожны месяц. Першы VZAP рыхтуе разам з навучэнцамі каледжа мастацтваў.
– 75% выручкі за квіткі мы хочам пералічыць дзіцячаму дому Віцебска, – распавялі ў цэнтры.
На думку Аркадзя Падліпскага, «для людзей думаючых такія цэнтры вельмі патрэбныя».
– Пакуль усё інфармацыя пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ў творчым цэнтры VZAP, размяшчаецца ў групе «Вконтакте»vk.com/vzap_vtb. Але спадзяемся, што праз пару тыдняў паўнавартасна запрацуе наш сайт, – падзялілася Агата Завальная.
Алена Алімава, «Віцебскія весці».