У Віцебску адкрыўся крызісны цэнтр Чырвонага Крыжа

Будынак плошчай звыш 100 кв.м. перададзены ў арэнду абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Віцебскім гарвыканкамам. Пасля рамонту і абсталявання памяшканняў усім неабходным цэнтр стаў не проста ўтульным і бяспечным жыллём для бежанцаў, але і месцам, дзе паспрыяюць іх сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і адаптацыі ў грамадстве. Бо, акрамя трох камфортных нумароў, там маюцца таксама кухня, куткі для дзіцячых гульняў, памяшканне для адпачынку і псіхалагічнай разгрузкі, індывідуальных і групавых сустрэч з псіхолагам, правядзення апытанняў і анкетавання. Акрамя таго, паведаміла старшыня абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама ў рамках сацыяльнага заказу выдзяляе сацработніка, які будзе знаходзіцца ў цэнтры з 8 да 17 гадзін і дапамагаць бежанцам з вырашэннем узнікаючых пытанняў.


У адкрыцці аб'екта прынялі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, прадстаўнікі шэрагу міжнародных структур, а таксама тых прыдзвінскіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія дапамагалі з рамонтам і добраўпарадкаваннем крызіснага цэнтра. Прагучала нямала слоў удзячнасці ў адрас усіх, хто далучыўся да добрай справы і чый уклад дазволіў завяршыць працу ў найкароткія тэрміны.
Як сказаў Дзмітрый Шаўцоў, гэта чацвёрты падобны аб'ект у нашай рэспубліцы і на сённяшні дзень ён сапраўды з'яўляецца лепшым у краіне.
А Вячаслаў Дурноў нагадаў, што праца з вымушанымі мігрантамі не з'яўляецца чымсьці новым. У 2014 годзе была першая хваля ўкраінскіх бежанцаў, цяпер — другая. І вельмі важна, калі тым, хто сарваўся з месца, могуць падставіць плячо.
— Гэта рэальны ўклад Беларускага Чырвонага Крыжа ў праблемы міграцыйнага крызісу, — адзначыў Вячаслаў Дурноў, кажучы пра значнасць адкрытага цэнтра. — Прыярытэт нашай дзяржавы — клопат пра людзей, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Многія сёння шукаюць дапамогі, і мы гэту дапамогу павінны аказаць.



