У Віцебску адкрылі помнік князю Альгерду – першы конны помнік у горадзе
Знакавай падзеяй у святочнай праграме стала адкрыццё помніка вялікаму князю Альгерду, з імем якога звязваюць важны этап у станаўленні горада. За гады свайго праўлення Альгерд ператварыў яго ў адзін з наймагутнейшых на тэрыторыі Усходняй Еўропы.
Манумент устаноўлены ў самым сэрцы старога Віцебска, на былой Ратушнай плошчы, насупраць адноўленай Васкрэсенскай царквы. У сярэднія вякі гэта была тэрыторыя Верхняга замка, пра што сведчыць надпіс на пастаменце. І гэта сімвалічна, бо менавіта Альгерд абнёс горад мураванымі сценамі, зрабіўшы яго непрыступным для ворагаў. Ідэя ўсталяваць помнік легендарнаму віцебскаму князю нарадзілася 4 гады таму.
Дарэчы, гэта першы конны помнік у горадзе на Дзвіне і чацвёрты ў Беларусі. А наяўнасць такой кампазіцыі павышае статус населенага пункта. Яе стварыў вядомы мінскі скульптар Сяргей Бандарэнка. Аўтар адлюстраваў Альгерда, як ён сам растлумачыў, які выязджае з замка ў раздум'і. Сокал на руцэ сімвалізуе мудрасць, уладу, магутнасць, свабоду, пасыл з мінулага ў будучыню.
Сяргей Бандарэнка – вучань Заіра Азгура, які атрымаў мастацкую адукацыю ў Віцебску. Па словах скульптара, ён рыхтаваўся да гэтай працы ўсё жыццё, але выканаць яе трэба было ў сціснутыя тэрміны, каб паспець да свята. Прыходзілася працаваць па 18 гадзін на суткі.
– Я шмат чытаў пра Альгерда, гэтая асоба вартая памяці нашчадкаў, – кажа аўтар. – Пры яго праўленні не было ніводнага паўстання, смуты, што сведчыць пра мудрасць князя, які аб'яднаў і ўмацаваў славянскія землі.
Адліта скульптура ў ААТ «Тэхналіт Полацк». Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Леанід Пятроў, гэта быў вельмі адказны заказ. На яго выраб пайшло 2,9 тоны бронзы. Вышыня скульптуры каля 4 метраў, пастамента – 2,8.
На урачыстасць прыбыў на коне сам Альгерд. З глыбіні стагоддзяў прагучалі яго прарочыя словы: «Вялікая будучыня ў горада гэтага!». Касцюміраваная працэсія прайшла па плошчы, а затым пад звон званоў са скульптуры было знята белае пакрывала. Права адкрыць помнік даверылі старшыні аблвыканкама Аляксандру Косінцу, старшыні гарвыканкама Віктару Нікалайкіну, скульптару Сяргею Бандарэнку і дырэктару ААТ «Тэхналіт Полацк» Леаніду Пятрову.
Скульптура ўжо стала славутасцю горада. Каля яе фатаграфуюцца і прызначаюць сустрэчы.
На свята ў Віцебск прыехалі шматлікія госці. У гарвыканкаме адбыўся прыём дэлегацый гарадоў-партнёраў і пабрацімаў: Ванадзора (Арменія), Рэзекнэ і Даўгаўпілса (Латвія), Хаскава (Балгарыя), Рышон-ле-Цыёна (Ізраіль), Ступіна Маскоўскай вобласці, Смаленска, Ліпецка і Пскова. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел пасол Літвы ў Беларусі Эвадас Ігнатавічус, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Латвіі, Расіі і Украіны.
Старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін распавёў пра Віцебск, затым слова было прадастаўлена гасцям. У прыватнасці, старшыня савета абшчыны Хаскава Іван Іваноў выказаў жаданне наладзіць больш цесныя сувязі з нашым горадам і запрасіў віцебскія калектывы прыняць удзел у фестывалі народнай творчасці, які праходзіць у Балгарыі. Начальнік аддзела культуры мэрыі Ванадзора Гор Бадзян прывёз у Віцебск карціну з выявай армянскіх гор.
– У такіх маляўнічых фарбах мы выказваем сваю любоў і цеплыню жыхарам вашага цудоўнага горада, – адзначыў госць.
А яго калега з горада Рышон-ле-Цыён Галіна Падольская перадала альбом, у які ўвайшлі карціны знакамітых мастакоў – выхадцаў з Віцебска.
Скончыўся першы святочны дзень урачыстым пасяджэннем і канцэртам у Летнім амфітэатры.
Тацяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"