У Віцебску адкрыўся пасля рэканструкцыі малы басейн дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №8 па плаванні
Нагадаем, што яшчэ тры гады таму значна пераўтварыўся пасля мадэрнізацыі вялікі басейн «Маладосць», на базе якога працуе ДЮСШ №8 па плаванні. У гэтай спартыўнай школе 26 высокакваліфікаваных трэнераў робяць з віцебскіх хлапчукоў і дзяўчынак будучых прафесіяналаў, якія ў далейшым могуць папоўніць спартыўны рэзерв вобласці і рэспублікі ў цэлым. Менавіта ў гэтых сценах свой першы заплыў некалі зрабіла вядомая і тытулаваная зямлячка – Наталля Бараноўская, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Атланце, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы розных гадоў, майстар спорту міжнароднага класа. Шырока вядомыя Таццяна Івашэнь, неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Юрый Сувораў і іншыя.
Але рыхтаваць юную змену плыўцоў трэба з дзяцінства. Таму ў 2011 годзе пачалася яшчэ і рэканструкцыя малога басейна, які таксама знаходзіўся ў ведамстве «дзюшкі». Цяпер яго чаша выкладзена новай пліткай, устаноўлены аўтаматызаваная сістэма абаротнага водазабеспячэння і сучасная сістэма вентыляцыі. Дзякуючы аздобным работам пераўтварылася і само памяшканне знутры. Генеральным падрадчыкам рамонтна-будаўнічых работ выступіла ЧРСУП «СаюзДзвінБуд». На мадэрнізацыю басейна зрасходавана амаль 2,5 мільярда беларускіх рублёў бюджэтных сродкаў. І ў выніку ў распараджэнні выхаванцаў ДЮСШ №8 маецца выдатная пляцоўка для трэніровачных заняткаў, а для астатніх юных жыхароў абласнога цэнтра – месца, дзе яны могуць навучыцца плаваць і парезвіцца ў вадзе, калі за акном яшчэ ляжыць снег.
Дарэчы, акрамя малодшых школьнікаў азы плавання тут могуць пазнаваць і малышы з 4-х гадоў. Набор у такія платныя групы па навучанні плаванню і аздараўленні дзяцей дашкольнага ўзросту стартуе ўжо ў першыя дні працы абноўленага малога басейна.
Адкрыццё малой басейна для малодшых выхаванцаў спартыўнай школы стала сапраўдным святам, бо ім прадставілася магчымасць не толькі першымі абнавіць водныя дарожкі, але і атрымаць падарункі ад гасцей. Так, напрыклад, выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Віцебскай вобласці Віктар Бынькоў уручыў плавальныя дошкі для тых, хто яшчэ не занадта ўпэўнена адчувае сябе на сіняй гладзі.
Падобных падзей, як адкрыццё сучаснага малога басейна ДЮСШ №8 Віцебска, будзе адбывацца ў Прыдзвінне яшчэ нямала. У гэтым запэўніў намеснік старшыні аблвыканкама, старшыня ГА «Віцебская абласная федэрацыя плавання» Уладзімір Церанцьеў, якому было прадастаўлена ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку.
– У рэканструкцыю спартыўных аб'ектаў вобласці ў гэтым годзе ўкладваюцца вялікія сродкі – парадку ста мільярдаў беларускіх рублёў выдзелена дадаткова на развіццё спартыўнай індустрыі ў рэгіёне, – падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч. – Што тычыцца плавання, то ў гэтым годзе плануем адкрыццё 25-метровага басейна ў Докшыцах, а ў 2014-м – аналагічнага збудавання ва Ушачах. Акрамя таго, у бягучым годзе Рэгіянальнай праграмай інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады прадугледжана пачатак будаўніцтва басейнаў у мікрараёне Білева (Віцебск) пры сярэдняй школе №46 і ў Новалукомлі.
Калі казаць пра малы басейн ДЮСШ №8, які мы сёння адкрылі, то варта адзначыць, што гэты аб'ект важны не толькі для выхавання будучых алімпійскіх чэмпіёнаў, але і для навучання дзяцей плаванню. Бо перад намі сёння стаіць задача, каб усе дзеці, выходзячы з малодшай школы, ужо ўмелі плаваць. У сувязі з гэтым нават ва ўстановах дашкольнай адукацыі, якія адкрываем апошнім часам, прадугледжаны невялікія плавальныя басейны. Так, за апошнія два гады здадзены ў эксплуатацыю 2 такія дзіцячыя сады ў абласным цэнтры, сёлета плануем узвядзенне падобных новабудоўляў у Віцебску і Полацку.
Наталля РЫЖКОВА. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.“Віцебскі рабочы”